Амэрыканскі фонд узнагародзіў Ціханоўскую мэдалём «За заслугі перад дэмакратыяй»

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Мэдалём «За заслугі перад дэмакратыяй» узнагародзілі кіраўніцу Аб'яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлану Ціханоўскую, вынікае з паведамленьня амэрыканскага Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED), які заснаваў гэтую ўзнагароду.

Як піша «Позірк», арганізацыя вырашыла адзначыць Сьвятлану Ціханоўскую «за беспрэцэдэнтнае лідэрства і асабістую ахвярнасьць у імя абароны дэмакратыі ад аўтарытарызму». У паведамленьні яна, сярод іншага, названая «нацыянальным лідэрам Беларусі» і «абраным прэзыдэнтам Беларусі».

Падкрэсьлена, што «пасьля прымусовага выгнаньня Ціханоўская натхніла беспрэцэдэнтныя мірныя пратэсты ў Беларусі», а пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну «ўзначаліла антываенны рух, накіраваны на прадухіленьне ўдзелу Беларусі ў вайне».

«Будучы лідэрам беларускага дэмакратычнага руху, яна выступала за вызваленьне больш як 1500 беларускіх палітычных зьняволеных і мірную перадачу ўлады праз свабодныя і справядлівыя выбары. Ціханоўская зьяўляецца ляўрэаткай прэміі Сахарава, міжнароднай Прэміі чатырох свабод 2022 году і прэміі Карла Вялікага», — гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя Ціханоўскай, мэдалямі NED сёлета ўганараваныя расейскі палітвязень журналіст Уладзімір Кара-Мурза, лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце ЗША Мітчэл Макконэл, былая сьпікерка Палаты прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу Нэнсі Пэлосі і іншыя.

  • Мэдаль «За заслугі перад дэмакратыяй» уручаецца асобам, якія праявілі асабістую адданасьць прасоўваньню свабоды і правоў чалавека, а таксама будаўніцтву дэмакратычных інстытутаў.
  • Сярод ранейшых ляўрэатаў — кангрэсмэн Джон Маккейн, дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт, экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл.
  • Узнагароды ўручаць 13 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёлягі падлічылі рэйтынгі лідэраў дэмсілаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская да прэм’ер-міністра Партугаліі: «Ізалюйце рэжым Лукашэнкі, але не беларусаў»