Большасьць апытаных у Польшчы падтрымала чыгуначную блякаду Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым людзі падкрэсьліваюць, што блякаду трэба рабіць з канкрэтнай мэтай.

Апытаньне правяла арганізацыя сацыялягічных дасьледаваньняў IBRiS на замову газэты Rzeczpospolita. Яго праводзілі 5-7 ліпеня праз тэлефон, удзел узялі больш за тысячу чалавек. Ім задалі пытаньне:

«Ці павінна Польшча закрыць чыгуначны пераход зь Беларусьсю, каб дамагчыся саступак з боку рэжыму Лукашэнкі?»

Пераважная большасьць рэспандэнтаў — 71,8% — адказалі станоўча. Зь іх 39,9% «рашуча» падтрымліваюць, а 31,9% «хутчэй згодныя». Супраць выказаліся сумарна 13,2%, а яшчэ 15,1% ня вызначыліся са сваёй думкай.

Праблемы зь мігрантамі на мяжы і забойства польскага жаўнера давялі да таго, што ў Кітай, які зацікаўлены ў працягу чыгуначнага транзыту празь Беларусь, адправіўся прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мытны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі бок не прымае грузавікі ў адзіным пункце пропуску. У Варшаве адказалі

Раней стала вядома, што 33 гадзіны доўжылася блякада чыгуначнага руху ў вялікім тэрмінале мытнага афармленьня ў Малашэвічах на мяжы зь Беларусьсю.

Пра спыненьне блякады паведаміла радыёстанцыя RMF FM. Выданьне перадало са спасылкай на свае крыніцы, што гэта была дэманстрацыя магчымасьцяў і выразны сыгнал рэжыму Лукашэнкі, што польскія ўлады могуць законна заблякаваць чыгуначны транзыт з усходу ў Эўразьвяз. Гэтую інфармацыю перадалі радыё польскія дыпляматы.

Афіцыйна мытныя службы паведамілі, што праводзіліся плянавыя кантрольныя захады для абароны мытнай тэрыторыі Эўразьвязу ад паступленьня небясьпечных грузаў або рэчываў. Пільна правяралася зьмесьціва кантэйнэраў, якія трапілі ў Польшчу празь Беларусь — у асноўным з Кітаю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «70% грузавых цягнікоў — пастаўкі з Кітая». Чаму для Беларусі польскі тэрмінал у Малашэвічах — балючае месца

Польскі ўрад вырашыў націснуць на рэжым Лукашэнкі, для якога паступленьні ад транзыту складаюць вялікую частку даходаў, адзначылі на радыё. У Польшчы разьлічваюць на ціск на Менск з боку Кітаю, які можа пацярпець у выпадку блякаваньня тэрміналу ў Малашэвічах. Менавіта адсюль кітайскія тавары трапляюць на Захад па сушы.

Раней польскія ўлады праз дыпляматычныя каналы заявілі, што патрабуюць ад беларускіх уладаў выдаць мігранта, пасьля нападу якога на мяжы загінуў польскі жаўнер, спыніць мігранцкі ціск на мяжу і вызваліць палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС Польшчы расказаў, якія высновы мусіць зрабіць Лукашэнка з блякады чыгуначнага транзыту зь Беларусі