Указы Лукашэнкі ствараюць праблемы для 1400 беларусаў у Чарнагорыі

Сьцяг Чарнагорыі. Ілюстрацыйнае фота

Урад Чарнагорыі працуе над папраўкамі да закону аб іншаземцах, якія дазволяць беларускай дыяспары заставацца ў краіне, нягледзячы на ​​праблемы з дакумэнтамі.

Пра гэта паведаміла Балканская служба Радыё Свабода са спасылкай на канцылярыю прэм’ер-міністра Чарнагорыі Мілойкі Спаіча. Паводле зьвестак беларускай дыяспары, у Чарнагорыі жыве каля 1400 грамадзян Беларусі.

Праблемы з дакумэнтамі пачаліся ў верасьні 2023 году, калі Аляксандар Лукашэнка забараніў выдаваць і засьведчваць дакумэнты ў пасольствах. Іх можна атрымаць толькі ў самой Беларусі, пры асабістай прысутнасьці.

Мэту такой забароны патлумачыў у лісьце прэмʼер-міністру Чарнагорыі адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Павал Латушка:

«Дыктатар хоча поўнасьцю пазбавіць грамадзян Беларусі магчымасьці законна атрымліваць дакумэнты на пражываньне ў замежных краінах. Ён спрабуе завабіць іх назад у краіну, каб працягнуць палітычныя рэпрэсіі», — гаворыцца ў лісьце ад красавіка 2024 году, да якога атрымала доступ Радыё Свабода.

У апошнія гады каля 20 беларусаў спрабавалі атрымаць у Чарнагорыі прытулак ці іншыя формы міжнароднай абароны, але беспасьпяхова.

Усе разгледжаныя справы былі адхіленыя Ўпраўленьнем у пытаньнях прытулку Міністэрства ўнутраных спраў (МУС). Некаторыя беларусы зьвярнуліся ў Адміністрацыйны суд, у асноўным беспасьпяхова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Напалоханыя і раззлаваныя»: беларусы ў Сэрбіі пасьля «пашпартнага ўказу» Лукашэнкі баяцца застацца без грамадзянства

Як беларус у судзе даказвае, што яму небясьпечна на радзіме

Уладзімер (сапраўднае імя вядомае рэдакцыі) таксама зьвярнуўся ў гэты суд з сваёй справай, пасьля таго як улады Чарнагорыі прыйшлі да высновы, што ў ягоным выпадку «няма абгрунтаванага страху перасьледу». Асьцярога перасьледу — адна з законных падстаў для атрыманьня прытулку.

Праз гэты страх Уладзімер летась пакінуў радзіму і прыехаў у Чарнагорыю, дзе ягоная сямʼя жыве ўжо шмат гадоў.

«Я пакінуў усе тэлефоны, банкаўскія карткі... Усё засталося ў Беларусі. Я ўзяў з сабой толькі пашпарт, 200 эўра і невялікі заплечнік. Гэта ўсё, што ў мяне было», — расказаў ён Радыё Свабода.

Ён прыняў рашэньне пасьля таго, як ягоны сябар зь беларускага КДБ паведаміў яму, што яго дапытаюць за відэа трохгадовай даўнасьці, у якім ён крытыкуе рэжым. Праз тры месяцы пасьля прыбыцьця ў Чарнагорыю ён папрасіў міжнароднай абароны.

Уладзімер паведаміў чарнагорскім чыноўнікам, што ня быў палітычна актыўным да пратэстаў 2020 году найперш таму, што на працягу дзесяцігодзьдзяў у яго ў Менску быў пасьпяховы бізнэс.

«Калі ў вас ёсьць бізнэс у Беларусі, вы павінны быць нэўтральнымі або праўладнымі бізнэсоўцамі».

Аднак, убачыўшы, як урад душыў пратэсты апазыцыі ў тым годзе, ён зразумеў, што больш ня можа маўчаць, і зьняў відэа.

«Я сказаў, што Лукашэнка задушыў гэтыя пратэсты, праліваючы кроў людзей, і што людзі павінны адказаць тым жа».

Відэа прыцягнула ўвагу ўладаў толькі праз тры гады, у 2023-м. Пасьля пачаліся частыя праверкі і праблемы з банкам. Пазьней Уладзімер атрымаў позву з патрабаваньнем зьявіцца ў КДБ і даць паказаньні. Замест таго каб паразмаўляць з КДБ, ён выехаў зь Менску.

Суседзі паведамілі яму, што паліцыя шукала яго па хатнім адрасе.

Ён дадаў, што ягонай жонцы неаднаразова тэлефанавалі, каб спытаць, дзе ён. Спачатку яна сказала, што ён у Расеі, але потым перастала адказваць на званкі. Ён перакананы, што калі вернецца ў Беларусь, то апынецца ў турме:

«Я бачу, як урад ставіцца да іншых бізнэсоўцаў, якія выказваюць сваю думку. Іх абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе ці лжыва абвінавачваюць у хабарніцтве, крадзяжы і г. д. Яны прымушаюць вас сказаць на камэру, што вы ня маеце рацыі, але гэта не вызваляе вас ад турмы».

Уладзімер не разглядаў магчымасьці атрыманьня дазволу на жыхарства на падставе ўзьяднаньня сямʼі, бо ў гэтым выпадку ён ня будзе мець абароны ўраду Чарнагорыі, калі Беларусь запросіць яго экстрадыцыі.

Аб прычыне, чаму грамадзяніну Беларусі было адмоўлена ў ДНЖ, МУС Чарнагорыі заяўляе, што ня кожная пагроза перасьледу ў краіне паходжаньня дае права на статус уцекача, але яна павінна грунтавацца на адной зь пяці падстаў — раса, рэлігія, нацыянальнасьць, прыналежнасьць да пэўнай сацыяльнай групы або палітычныя погляды.

Аднак, як ацаніла міністэрства, Уладзімер не даказаў, што яму была нанесеная шкода «на ўзроўні перасьледу».

«Хоць у Беларусі ёсьць пэўныя парушэньні правоў чалавека, было ўстаноўлена, што ён можа вярнуцца ў краіну паходжаньня без пагрозы для свайго жыцьця, свабоды і бясьпекі», — заключыла міністэрства ў сваім рашэньні, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода.

Міністэрства падкрэсьліла ў адказах Радыё Свабода, што працэс прыняцьця рашэньняў складаны, кожная ацэнка індывідуальная і павінна грунтавацца на доказах і фактах. Яны таксама нагадалі, што іншаземцы маюць права абскардзіць свае рашэньні ў Адміністрацыйным судзе.

Прадстаўнік Эўрапейскай камісіі паведаміў Радыё Свабода, што прававая база Чарнагорыі ў галіне прытулку ў значнай ступені адпавядае заканадаўству ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў выпадак, калі для гэтага замовілі самалёт». Што рабіць, калі пагражае дэпартацыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць удзельнікаў дэбатаў у Радзе правоў чалавека ААН падтрымала абвінавачаньні на адрас беларускіх уладаў