Лукашэнка назваў візыты ўрадоўцаў за мяжу «турыстычнымі паездкамі»

Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота

Пра гэта ён заявіў на нарадзе па пытаньнях міжнароднай палітыкі, паведамляе сайт Лукашэнкі.

«Давайце дамовімся, што роля прэзыдэнта — адкрыць вакно ў тым ці іншым кірунку. Стварыць аснову, падмурак для будучых дамоўленасьцяў чальцоў ураду і прэм’ер-міністра. А ўжо ўрад (які вядзе перш за ўсё Міністэрства замежных справаў пад кантролем Адміністрацыі) павінен рэалізоўваць тыя ці іншыя дамоўленасьці, ня кажучы ўжо пра вашыя дамоўленасьці — чальцоў ураду, якіх вы дасягаеце падчас сваіх паездак. Падводзячы рысу, скажу, што турыстычных паездак быць не павінна, ніякага турызму, павінен быць вынік», — сказаў ён.

Лукашэнка заклікаў вызначыць стратэгію руху да мэтаў, вызначаных у рамках ШАС, у якую Беларусь сёлета ўступіла. Ён нагадаў і пра пэрспэктыву ўступленьня краіны ў BRICS. Беларусь запрошаная на саміт арганізацыі ў Казань.

«BRICS — яшчэ адна апора, з дапамогай якой мы зможам захоўваць раўнавагу і эканамічную ўстойлівасьць», — заявіў Лукашэнка.

Паводле ягоных слоў, у Афрыцы трэба засяродзіцца на канкрэтных краінах, у першую чаргу Экватарыяльнай Гвінэі, Нігерыі, Кеніі, Зымбабве, Мазамбіку.

«Ня трэба расплывацца па ўсіх кантынэнтах. Я яшчэ раз кажу: у нас ня тая эканоміка, каб глябалізмам займацца, трэба вызначыцца ў кожным пункце, чым мы будзем займацца, і зрабіць гэта», — сказаў ён.

У ліпені адбыліся візыты топавых беларускіх чыноўнікаў у розныя краіны сьвету. Прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка наведаў Вэнэсуэлу, Кубу і Нікарагуа, а міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў езьдзіў у Кітай і КНДР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа кітайскі балянсір? Роля Паднябеснай у замежнай палітыцы Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча знайсьці «шляхі супрацы з Эўразьвязам»