Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць грамадзян і прадпрыемстваў Расеі і Беларусі

Сьцяг Новай Зэляндыі. Ілюстрацыйнае фота

Пад абмежаваньні трапілі грамадзяне і арганізацыі Беларусі, якія аказвалі матэрыяльную падтрымку расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну.

У Міністэрстве замежных спраў і гандлю Новай Зэляндыі паведамілі аб увядзеньні санкцый супраць пяці фізычных і шасьці юрыдычных асобаў Расеі і Беларусі.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, размова ідзе аб грамадзянах і арганізацыях Беларусі, якія матэрыяльна падтрымлівалі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

У прыватнасьці, санкцыі ўвялі супраць дырэктара Беларускага оптыка-мэханічнага заводу Аляксандра Мароза, кіраўніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава (ён ачольваў чыгунку да жніўня 2024 году. – РС), кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова.

Пад санкцыі трапілі два беларускія прадпрыемствы – Беларускі оптыка-мэханічны завод і Аршанскі авіярамонтны завод.

Санкцыі таксама ўвялі супраць расейскіх арганзацый, якія ўдзельнічаюць у незаконнай акупацыі Запароскай АЭС і ажыцьцяўляюць над ёй кантроль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея разглядае траты на Беларусь як выдаткі на вайну, — расейскі эканаміст Іназемцаў
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.