Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць беларускага «Альфа-Банку». У банку пракамэнтавалі

Аддзяленьне беларускага «Альфа-Банку» ў Менску, архіўнае фота

Трэцяга кастрычніка ўрад Вялікай Брытаніі ўвёў санкцыі супраць беларускага «Альфа-Банку», вынікае з дакумэнту, апублікаванага на сайце брытанскага ўраду.

«ЗАТ „Альфа-Банк“ (Беларусь)» указаны ў абноўленым сьпісе арганізацыяў, якія апынуліся пад санкцыямі Вялікай Брытаніі.

Санкцыі прадугледжваюць замарожваньне актываў і іншых сродкаў ці эканамічных рэсурсаў банку, спыненьне працы з сродкамі і эканамічнымі рэсурсамі і забарону надаваць сродкі ці рэсурсы проста або ўскосна.

Санкцыі тлумачыцца тым, што беларускі «Альфа-Банк» удзельнічае або ўдзельнічаў у атрыманьні выгады ад ураду Беларусі або ў яго падтрымцы празь дзейнасьць у сэктары, які мае стратэгічнае значэньне для ўраду Беларусі, а менавіта ў сэктары фінансавых паслуг.

У «Альфа-Банку» заявілі, што брытанскія санкцыі «паводле папярэдняй ацэнкі, прыкметна не паўплываюць» на яго працу ў Беларусі.

«Нашы мапы і сэрвісы працягваюць працаваць у стандартным рэжыме. Наўпрост цяпер мы юрыдычна разьбіраемся ў дакумэнце санкцыў: паводле папярэдняй ацэнкі, яны [санкцыі] не акажуць прыкметнага ўплыву на нашу працу», — , паведамляецца ў тэлеграм-канале фінансава-крэдытнай установы.

У паведамленьні падкрэсьліваецца, што банк будзе трымаць кліентаў у курсе сытуацыі і «апэратыўна падзеліцца навінамі, калі нешта зьменіцца».

  • Расейскі «Альфа-Банк» трапіў пад санкцыі Вялікай Брытаніі ў 2022 годзе, ён таксама пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША.
  • Беларускі «Альфа-Банк» зь лістапада 2022 году пад санкцыямі Канады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада ўвяла санкцыі супраць Альфа-Банку і МТБанку