Бактэрыі, антыбіётыкі. Расея абмежавала пастаўкі мясамалочнай прадукцыі трох прадпрыемстваў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі («Россельхознадзор») паведаміла пра часовае абмежаваньне паставак прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў.

У паведамленьні ведамства адзначаецца, што

  • ў ялавічыне прадпрыемства «Вялес-Міт» (Маладачанскі мясакамбінат) паўторна выявілі бактэрыі лістэрыі,
  • у гатовых мясных вырабах Глыбоцкага мясакамбінату зноў знайшлі антыбіётык азытраміцын,
  • а ў сухім малаку Лунінецкага малочнага заводу паўторна выявілі перавышэньне колькасьці мэзафільных аэробных і факультатыўна анаэробных мікраарганізмаў.

Пастаўкі прадукцыі гэтых прадпрыемстваў абмежавалі.

16 верасьня стала вядома, што «Россельхознадзор» часова абмежаваў пастаўкі прадпрыемства «Белфуд Прадакшн» у сувязі з «паўторным выяўленьнем энрафляксацыну ў кансэрвах зь мяса птушкі для дзіцячага харчаваньня».

Таксама ведамства ўзяло пад узмоцнены кантроль пастаўкі прадукцыі пяці беларускіх прадпрыемстваў:

  • Шчучынскага філіялу Горадзенскага абласнога спажывецкага таварыства, цэху мясных паўфабрыкатаў (у ялавічыне выявілі хіналёны — група антыбактэрыйных прэпаратаў),
  • філіялу Барысаўскага мясакамбінату (у ялавічыне знайшлі бактэрыі групы кішачнай палачкі),
  • каўбаснага цэху ААТ «Александрыйскае» (у ялавічыне знайшлі бактэрыі групы кішачнай палачкі),
  • Жабінкаўскага камбікормавага заводу (у сухім корме для катоў знайшлі незарэгістраваныя і/ці большыя за зарэгістраваныя лініі ГМА-кампанэнту),
  • філіялу «Юніміт» прадпрыемства «Смалявічы Бройлер» (у паўфабрыкатах з птушкі выявілі перавышэньні паказчыкаў тэсту на мікробную бясьпеку).

Таксама «Россельхознадзор» рэгулярна паведамляе пра спыненьне кантрабанды тавараў з Беларусі. Так, 30 жніўня паведаміла пра вяртаньне з Расеі на тэрыторыю Беларусі 470 кг вэтэрынарных прэпаратаў, 24 ліпеня — пра вяртаньне ў Беларусь 600 кг кантрафактных буякоў, 15 ліпеня — пра выяўленьне «факту кантрабанды нарвэскай рыбнай прадукцыі празь Беларусь у Расею», а ў чэрвені — пра вяртаньне ў Беларусь 5,4 тысячы харчовых курыных яек, якія везьлі без дакумэнтаў у «бруднай машыне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абмежавала пастаўкі зь беларускага прадпрыемства і ўзмацніла кантроль для пяці іншых