Хроніка перасьледу 9 кастрычніка: судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай япархіі; менчука асудзілі 18 гадоў калёніі

Суд у Гомлі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай япархіі, вырак пакуль невядомы

4 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля разгледзелі адміністрацыйную справу жыхара гораду Васіля Чарнякова.

Яго абвінавачвалі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Працэс вёў судзьдзя Дзяніс Дрэбезаў. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца, піша «Вясна».

Васіль Чарнякоў працуе загадчыкам канцылярыі Гомельскага епархіяльнага ўпраўленьня Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Таксама ён служыць захавальнікам абразоў у храме-музэі пры япархіі.

18 гадоў калёніі: менчука асудзілі па трох палітычных артыкулах і за «згвалтаваньне малалетняга»

У Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме 29 жніўня асудзілі 35-гадовага Алега Вярцінскага, піша «Вясна». Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы, вэрбаваньне або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу);
  • ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці ці варажнечы);
  • ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Беларусі);
  • ч. 3 арт. 167 (іншыя дзеяньні сэксуальнага характару, учыненыя з ужываньнем гвалту, у дачыненьні да заведама малалетняга).

Прысуд вынес судзьдзя Аляксандар Рудэнка.

Па інфармацыі праваабаронцаў, у ліпені 2022 году мужчыну прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 3 арт. 167 (іншыя дзеяньні сэксуальнага характару) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Марына Клімчук прызначыла яму 15 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

У сакавіку 2024 году Сьледчы камітэт заявіў, што сьледчыя з дапамогай сучасных тэхналёгіяў і магчымасьцяў здабылі доказы, якія канчаткова пацьвердзілі дачыненьне Вярцінскага да злачынства, здзейсьненага ў 2012 годзе. Паводле сілавікоў, у 2012-м ён згвалтаваў у школе 6-гадовага хлопчыка. Сам Вярцінскі казаў, што прыйшоў у школу, каб «скрасьці каштоўныя рэчы, але нічога не знайшоў і сышоў».

«Пад цяжарам прад’яўленых доказаў ён прызнаўся ў зьдзейсьненым і падрабязна распавёў пра тое, што адбылося ў сталічнай школе амаль 12 гадоў таму», — заявілі ў СК.

На апублікаваным СК відэа з паказаньнямі Вярцінскага, бачная «жоўтая бірка» на «робе», якую вязьні носяць у калёніі. Часта такую нашуўку у папраўчай установе носяць вязьні, якія стаяць на прафіляктычным уліку як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў».

Былога палітвязьня асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

8 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна былога палітзьняволенага Арцёма Грыба судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Судовы працэс узначальваў судзьдзя Генадзь Шэвель, піша «Гомельская Вясна».

Вынік судовага пасяджэньня высьвятляецца.

Арцём Грыб — жыхар Рэчыцы, асуджаны на 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле «народнага» арт. 342 КК. Паводле падлікаў праваабаронцаў, у кастрычніку 2022 году мужчына выйшаў на волю.

Затрымалі адміністратарку дваровага чату, якая вярнулася з Польшчы ў Беларусь

Паведамляецца, што дзяўчына была адміністратаркай чату «Неманская 76, 78, 80», у якім было 22 чалавекі. Сьцьвярджаецца, што ў чаце раней публікаваліся «розныя паведамленьні, накіраваныя супраць дзейнай улады». Беларуску прымусілі прасіць прабачэньня за гэта ў сілавікоў.

У Менску затрымалі начальніка зьмены адной з арганізацыяў

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пасьлявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама ў абразе дзейнай улады і міліцыянтаў у Telegram-чатах. На відэа сілавікоў мужчыну прымусілі назваць свой заробак у амаль 4-5 тысяч рублёў.

Набыў моц прысуд у дачыненьні да 20 фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай»

Судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда, «з улікам меркаваньня прадстаўніка Генпракуратуры», пакінула апэляцыйныя скаргі абвінавачаных без задавальненьня, а прысуд — бязь зьменаў.

Прысуд па крымінальнай справе «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай» вынесьлі 1 ліпеня 2020 году — 20 фігурантам прызначылі агулам 206,5 гадоў зьняволеньня і вялікія штрафы:

  • Аляксандру Дабравольскаму — 11 гадоў 6 месяцаў пазбаўленьня волі са штрафам у памеры 6000 базавых велічынь (240 тысяч рублёў);
  • Ганьне Красулінай, Дзянісу Кучынскаму, Пятру Рудкоўскаму, Аляксандру Шлыку — па 11 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам ад 1000 да 40 000 базавых велічынь (ад 40 тыс. да 1,6 млн рублёў);
  • Рыгору Астапеню, Філіпу Біканаву, Юрыю Дракахрусту, Андрэю Казакевічу, Яўгену Крыжаноўскаму, Вераніцы Лапуцьцы, Алесю Лагвінцу, Ганьне Любаковай, Васілю Навумаву, Марыі Рогавай, Алесі Руднік, Натальлі Рабавай, Тацяне Чуліцкай, Кацярыне Шмацінай — па 10 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Паўлу Вусаву — 11 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вынесьлі прысуд «аналітыкам Ціханоўскай»