Урад Польшчы ўхваліў міграцыйную стратэгію. Што ў ёй?

Дональд Туск, архіўнае фота

Пасьля заяваў прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска пра зьмены ў міграцыйнай палітыцы Рада міністраў прыняла прапановы палітыка.

Дакумэнт афіцыйна называецца «Атрыманьне кантролю. Гарантаваньне бясьпекі. Комплексная і адказная міграцыйная стратэгія Польшчы на 2025-2030 гг.» Стратэгію прапанаваў міністар унутраных спраў і адміністрацыі, піша сайт ураду Польшчы.

Стратэгія афіцыйна падкрэсьлівае намаганьні Польшчы спыніць міграцыйныя праблемы, якія рэгулярна паўстаюць апошнімі гадамі, у прыватнасьці на ўсходняй мяжы зь Беларусьсю.

Урад адзначыў, што ў цяперашні момант доўгатэрміновыя дазволы на жыхарства ў Польшчы маюць звыш 2,5 млн іншаземцаў, пры гэтым дзяржава ня мела доўгатэрміновай міграцыйнай стратэгіі з 2016 году.

Прыярытэтам у пытаньнях міграцыі будзе дзяржаўная бясьпека. Міграцыя павінна быць дэталёва рэглямэнтаваная і трымацца пад кантролем з улікам мэты прыбыцьця, маштабу прытоку і краін паходжаньня іншаземцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча плянуе часова прыпыніць права на прытулак. Латушка: мы разьлічваем на салідарнасьць зь беларусамі

Стратэгія прадугледжвае наступныя кірункі дзяржаўнага ўмяшаньня ў праблему міграцыі:

Доступ на тэрыторыю

  • Міграцыйная стратэгія апісвае празрыстую візавую палітыку;
  • важна стварыць сыстэму выбарачнага падыходу да міграцыйнай палітыкі. Гэта азначае дэталёвае рэгуляваньне правілаў уезду і знаходжаньня іншаземцаў, таксама ў эканамічных ці адукацыйных мэтах;
  • аўтаномнасьць консульскіх рашэньняў узмоцніцца.

Доступ да нацыянальнай і міжнароднай абароны

  • Стратэгія зьмяшчае накіраваную прапанову зьмяніць працэдуры, каб яны не выкарыстоўваліся ў гібрыдных дзеяньнях і ў той жа час улічвалі гуманітарнае вымярэньне сытуацыі на польскіх межах;
  • у дакумэнце таксама ўказваецца неабходнасьць зьмяніць падыход да права на прытулак на ўзроўні ЭЗ і на міжнародным узроўні і адаптаваць яго да бягучай міграцыйнай сытуацыі з улікам пытаньняў бясьпекі;
  • калі існуе пагроза дэстабілізацыі краіны праз наплыў імігрантаў, павінна быць магчымасьць часова і тэрытарыяльна прыпыніць права прымаць хадайніцтвы аб даваньні прытулку. Адпаведныя законы павінны ўлічваць мэханізм парлямэнцкага кантролю, уразьлівыя групы і досьвед іншых краін.

Умовы доступу на рынак працы

  • у дакумэнце прапануюцца крытэры доступу іншаземцаў на рынак працы, каб яны запаўнялі прагалы ў дэфіцытных прафэсіях і ў той жа час не стваралі магчымых новых праблем для стабільнай сытуацыі з занятасьцю ў Польшчы;
  • стратэгія таксама паказвае на перавагі і пагрозы, зьвязаныя з прытокам замежных працоўных у Польшчу. Адной з рызык зьяўляецца падача дакумэнтаў, якія легалізуюць працу, толькі для яўкі, каб палегчыць уезд у Польшчу і Шэнгенскую зону;
  • у дакумэнце таксама закранаецца пытаньне аб правілах вядзеньня замежнымі грамадзянамі прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Адукацыйныя міграцыі

  • Міграцыйная стратэгія прадугледжвае правілы доступу іншаземцаў да польскай сыстэмы вышэйшай і сярэдняй адукацыі.
  • такі доступ ня можа быць выкарыстаны выключна з мэтай лёгкага атрыманьня законнага ўезду і пражываньня. Пры гэтым унівэрсытэты змогуць праводзіць празрысты працэс т. зв. інтэрнацыяналізацыі.

Інтэграцыя

  • Упершыню апісаныя умовы ўключэньня і інтэграцыі імігрантаў у польскае грамадзтва;
  • працэс інтэграцыі не павінен мець нэгатыўнага ўплыву на сацыяльную згуртаванасьць у Польшчы і ў той жа час павінен дазваляць выкарыстоўваць патэнцыял імігрантаў;
  • галоўнае ў гэтым пытаньні — прыняцьце іншаземцамі нормаў і правілаў, якія дзейнічаюць у польскім грамадзтве.

Грамадзянства і рэпатрыяцыя

  • Стратэгія апісвае дзяржаўную палітыку адносна набыцьця польскага грамадзянства іншаземцамі і рэпатрыяцыі асобаў польскага паходжаньня;
  • у дакумэнце таксама гаворыцца пра інструмэнт міграцыйнай палітыкі, якім зьяўляецца «карта паляка».

Польская дыяспара

  • Пазначаны прынцыпы палітыкі польскай дыяспары, у тым ліку адносна падтрыманьня кантактаў з дыяспарай. Гаворка ідзе таксама аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі, якія прадстаўляюць польскую дыяспару і палякаў за мяжой;
  • урад таксама падтрымае вяртаньне польскіх мігрантаў у краіну.

Рэалізацыя Міграцыйнай стратэгіі, на думку цяперашняга ўраду, прывядзе да стварэньня празрыстых і бясьпечных правілаў іміграцыі ў Польшчу, якія кантралююцца дзяржаўнымі інстытутамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе адрэагавалі на заявы Польшчы аб прытулку і апублікавалі 10 пунктаў удасканаленьня міграцыйнай палітыкі

Рашэньне прынялі з асаблівым меркаваньнем віцэ-старшыні Рады міністраў Кшыштафа Гаўкоўскага, міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Агнешкі Дзем’яновіч-Бонк, міністра ў пытаньнях роўнасьці Катажыны Котулы і міністра навукі Дарыюша Вячорка.