Хроніка перасьледу 16 кастрычніка: выпускніцу БНТУ судзяць за падзеі чатырохгадовай даўнасьці

Машына сілавікоў. Ілюстарцыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Судзяць выпускніцу БНТУ

У судзе Ленінскага раёну Менска 16 кастрычніка пачынаецца працэс над палітзьняволенай Натальляй Салук, якой выстаўленае абвінавачаньне паводле 342 артыкулу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле міліцыі, Натальля Салук падчас пратэстаў 2020 году нібыта прымала ўдзел у перакрыцьці руху транспарту.

Натальлі Салук 24 гады, яна скончыла Бедарускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт (БНТУ). Затрымалі дзяўчыну сёлета ў красавіку і з таго часу ўтрымліваюць у менскім СІЗА-1, які знаходзіцца каля пасёлку Калядзічы.

Натальлі Салук пагражае да 4 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцы прызналі дзяўчыну палітзьняволенай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 кастрычніка: Судзяць былога начальніка кацельні і дызайнэра-ілюстратара