У Іране арыштавалі колішняга журналіста Радыё Свабода

Рэза Валізадэх, архіўнае фота

Журналіст мае двайное грамадзянства, ЗША і Ірану.

Рэза Валізадэх, які вярнуўся ў Іран праз шмат гадоў адсутнасьці ў краіне, арыштаваны. Пра гэта 15 кастрычніка стала вядома ад сваякоў журналіста. Пад арыштам мужчыну трымаюць ужо каля трох тыдняў.

Адно з абвінавачваньняў, якія яму выставілі, — супраца з іранскай службай Свабоды. У лістападзе 2022 году Валізадэх пакінуў працу, але яшчэ пэўны час жыў за мяжой.

13 жніўня Рэза апублікаваў свой апошні на гэты момант допіс у сеціве. У сацыяльнай сетцы Х ён напісаў, што яшчэ 16 сакавіка прыляцеў у Тэгеран. Тады ён адзначыў, што прыляцеў у краіну з уласнай ініцыятывы і адказнасьці праз 14 гадоў, ягоныя перамовы з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі знаходзяцца на сярэдзіне і ён не атрымліваў ад уладаў ніякіх, нават вусных гарантый бясьпекі перад прыбыцьцём у краіну.

Пры гэтым абставіны, у якіх пісаўся той допіс, няясныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зрабіце, што можаце, каб дапамагчы ім», — Алсу Курмашава пра зьняволеных журналістаў Радыё Свабода

Вялікая колькасьць іранцаў, якія маюць двайное грамадзянства, была арыштаваная апошнім часам спэцслужбамі краіны з абвінавачваньнямі ва ўчыненьні розных злачынстваў. На іхных сваякоў нярэдка чынілі ціск, каб прымусіць шуканых вярнуцца ў Іран.

Іранскі ісламісцкі ўрад ужо даўно вінавацяць у выкарыстаньні шантажу — арыштаў замежных грамадзян і асобаў з двайным грамадзянствам дзеля ціску на замежныя ўрады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранскага рэпэра Таталу асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі