У Беларусі створаць аўтаматызаваную сыстэму ўліку авіяпасажыраў

Нацыянальны аэрапорт «Менск», архіўнае фота

Апэратарам сыстэмы стане Нацыянальны аэрапорт «Менск».

Урад Беларусі ўнёс зьмены ў ранейшую пастанову. Цяпер у краіне створаць аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму пэрсанальных зьвестак пасажыраў паветраных суднаў.

Пэрсанальныя зьвесткі пасажыраў, якія перадаюцца перавозьнікамі ў сыстэму, будуць уключаць прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсьць), пол, дату нараджэньня, дадзеныя аб грамадзянстве пасажыра, від, сэрыю (пры наяўнасьці) і нумар дакумэнту, на падставе якога набыты праязны дакумэнт, тэрмін яго дзеяньня.

Таксама ў базу ўвойдуць зьвесткі аб перавозьніку, нумар рэйсу, дата і час вылету, колькасьць пасажыраў, найменьне аэрапортаў вылету і прызначэньня, пачатковы пункт маршруту перавозкі, канчатковы пункт, код рэзэрвацыі.

Тыя пасажыры, якія з тых ці іншых прычынаў атрымалі адмову ва ўезьдзе ў Беларусь, даведаюцца пра гэта падчас рэгістрацыі на рэйс.

Дакумэнт акрэсьлівае, што тэрмін захоўваньня пэрсанальных зьвестак пасажыраў паветраных суднаў і інфармацыі аб перавозцы пасажыраў у сыстэме складзе два гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі параілі беларусам выкарыстоўваць рэйсавыя самалёты для эвакуацыі зь Лібану
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск замест Вільні. Расказваем, калі ваш самалёт можа сесьці ня там, дзе вы плянавалі