Прэзыдэнт Літвы папрасіў у Эўракамісіі новых мэханізмаў для барацьбы зь нелегальнай міграцыяй

Гітанас Наўседа

Літва сутыкаецца са спэцыфічным выклікам, зьвязаным з гібрыднымі атакамі з боку Беларусі, інструмэнталізацыяй нелегальнай міграцыі, заявіў перад адкрыцьцём саміту ЭЗ 17 кастрычніка ў Брусэлі прэзыдэнт гэтай балтыйскай дзяржавы Гітанас Наўседа.

Паводле яго, сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю зараз «больш-менш стабільная, але заўтра яна можа зьмяніцца».

«Праз гэты спэцыфічны від міграцыі мы просім Эўрапейскую камісію зьмяніць прававыя рамкі, узяць да ўвагі сытуацыю і даць нам інструмэнты, каб паспрабаваць стабілізаваць сытуацыю і мець магчымасьць супраціўляцца, бо гаворка ідзе пра нашу жыцьцяўстойлівасьць і магчымасьць стабілізаваць вонкавую мяжу ЭЗ», — заявіў палітык.

Гітанас Наўседа таксама прапанаваў «працаваць» з краінамі паходжаньня і транзыту мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыял-дэмакраты перамаглі ў першым туры парлямэнцкіх выбараў у Літве зь невялікім адрывам ад кансэрватараў

Пра тое, што міграцыя становіцца ўсё больш надзённай тэмай для Эўропы ў сувязі з гібрыднымі атакамі і інструмэнталізацыяй міграцыі з боку Беларусі ,заявіла таксама прэм’ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня. Яна выказала думку, што Эўропе ў сувязі з гэтым патрэбны «вельмі моцныя рашэньні».

Саміт Эўразьвязу праходзіць 17–18 кастрычніка. Адным з пытаньняў, якія маюць абмяркоўвацца на ім, зьяўляецца міграцыя. Эўрапейскія лідэры абмяркуюць у тым ліку ўзмацненьне кантролю над вонкавымі межамі, захады барацьбы з выкарыстаньнем мігрантаў як зброяй для шантажу і ціску, далейшую барацьбу з гандлем людзьмі і кантрабандай.

Ад пачатку кастрычніка суседнія краіны Эўразьвязу перадухілілі 1253 спробы нелегалаў трапіць з тэрыторыі Беларусі (Літва — 89, Польшча — 806), ад пачатку году — 33 174 (Літва — 712, Латвія — 4794, Польшча — 27668), заўважыла агенцтва «Позірк».

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адмоваў стане больш, працэдура ўскладніцца». У чым сутнасьць новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы