Ізраіль заявіў, што лідэр ХАМАС Ях’я Сінвар, імаверна, забіты

Ях’я Сінвар, архіўнае фота

Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) 17 кастрычніка заявіла, што правярае інфармацыю аб магчымай гібелі Ях’і Сінвара, лідэра ўзброенай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і Эўразьвязе.

Паводле зьвестак ЦАХАЛ, падчас спэцапэрацыі ў сэктары Газа загінулі тры прадстаўнікі ХАМАС. «ЦАХАЛ і Агульная служба бясьпекі Ізраілю правяраюць магчымасьць таго, што адным з тэрарыстаў быў Ях’я Сінвар. На цяперашнім этапе асобы тэрарыстаў ня могуць быць пацьверджаныя», — гаворыцца ў паведамленьні ізраільскай арміі.

Паводле заявы ізраільскіх вайскоўцаў, у будынку, дзе знаходзіліся забітыя, прыкметаў прысутнасьці закладнікаў не было.

Sky News Arabia піша, што іх крыніца пацьвердзіла гібель лідэра ХАМАС падчас апэрацыі ў Рафаху.

Чальцоў кабінэта бясьпекі Ізраіля праінфармавалі, што лідэр ХАМАС Ях’я Сінвар хутчэй за ўсё, мёртвы, піша Reuters са спасылкай на інфармацыю ад двух чыноўнікаў, абазнаных у пытаньні. Дзьве ізраільскія тэлекампаніі, KAN і N12 News, таксама спаслаліся на ізраільскіх чыноўнікаў, якія заявілі, што Сінвар мёртвы.

У ХАМАС магчымую гібель Ях’і Сінвара пакуль не камэнтавалі.

Ях’я Сінвар нарадзіўся ў 1962 годзе ў лягеры для ўцекачоў у горадзе Хан-Юніс на поўдні сэктара Газа. Больш за 20 гадоў ён правёў у ізраільскіх турмах і вызваліўся ў 2011 годзе. Паводле зьвестак Reuters, Сінвар хаваўся ў сэктары Газа. Пасаду лідэра ХАМАС ён заняў на пачатку жніўня 2024 году, пасьля таго як быў забіты Ісмаіл Ханія ў выніку ўдару па ягонай рэзыдэнцыі ў Тэгеране.

Ях’я Сінвар, меркаваны архітэктар крывавага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка, быў нечакана прызначаны новым лідэрам тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС 6 жніўня 2024 году пасьля забойства ягонага папярэдніка Ісмаіла Ханіі ў Тэгеране 31 ліпеня, у чым Іран і ХАМАС вінавацяць Ізраіль.

Сінвар далучыўся да ХАМАСу неўзабаве пасьля яго ўтварэньня ў 1987 годзе. Ён заснаваў службу ўнутранай бясьпекі Аль-Маджд, галоўнай мэтай якой было шукаць у шэрагах арганізацыі ізраільскіх шпіёнаў. Ён займеў рэпутацыю прыхільніка гвалту і атрымаў мянушку «Мясьнік Хан-Юнісу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «бязьлітасным» Сінвару, які ўзначаліў ХАМАС, Іран бачыць свайго чалавека — аналітыкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША выставілі абвінавачаньні ў тэрарызьме лідэрам ХАМАС