Саакашвілі: Грузія перастане існаваць як незалежная краіна, калі пераможа «Грузінская мара»

Міхэіл Саакашвілі адказаў у лісьце на пытаньні грузінскай службы Радыё Свабода.

Грузію чакаюць цяжкія наступствы, калі кіроўная партыя «Грузінская мара» пераможа на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах. Пра гэта ў інтэрвію Грузінскай службе Радыё Свабода заявіў былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі, які адбывае турэмны тэрмін.

«Я чакаю правакацый у найбліжэйшыя дні, у тым ліку падчас выбараў і ў наступныя дні», — сказаў Саакашвілі.

Парлямэнцкія выбары ў Грузіі пройдуць 26 кастрычніка. «Грузінская мара» ва ўладзе з 2012 году. Апазыцыйныя групы, у тым ліку «Адзіны нацыянальны рух», заснаваны Саакашвілі, заявілі, што магчымая перамога кіроўнай партыі можа падарваць дэмакратыю ў Грузіі.

«Грузінская мара» нядаўна прыняла законы, падобныя да расейскіх законаў аб так званых іншаагентах і забароне «прапаганды ЛГБТ». Зьмены ў заканадаўстве выклікалі рэзкую крытыку ў ЗША і ЭЗ.

У сваім інтэрвію Радыё Свабода Саакашвілі таксама заявіў, што Расея вядзе супраць Грузіі гібрыдную вайну.

«Калі яны сфальсыфікуюць выбары і захопяць уладу, то Грузія перастане існаваць як незалежная краіна», — сказаў Саакашвілі. Разам з тым ён выказаў спадзяваньне, што новае пакаленьне грамадзян было арыентавана не на Расею, а на Эўропу.

Каментуючы вайну Расеі супраць Украіны, Саакашвілі зазначыў, што паражэньне Масквы непазьбежнае і прадвызначанае, «пакуль Эўропа не паддасца паражэнству, а ЗША — ізаляцыянізму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удар па «Грузінскай мары»: ЗША ўвялі санкцыі адносна грузінскіх палітыкаў і ўрадоўцаў