Яшчэ адну групу беларускіх вайскоўцаў адправілі на навучаньне ў Расею

Фота прэс-службы Мінабароны Беларусі

Чарговая група беларускіх вайскоўцаў 18 кастрычніка накіравалася на навучаньне ў адным з навучальна-баявых цэнтраў Расеі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі.

Як заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл Беларусі Ўладзімер Белы, вайскоўцаў адпраўляюць у Расею, каб яны маглі «пераняць перадавыя мэтодыкі падрыхтоўкі войскаў для далейшага ўкараненьня іх у практыку падрыхтоўкі сваіх воінскіх частак».

«Найлепшыя зь іх пасьля навучаньня стануць штатнымі інструктарамі ў нашых злучэньнях і воінскіх частках», — адзначыў ён.

Паводле Белага, «літаральна на днях» завяршыў падрыхтоўку ў Расеі адзін з танкавых батальёнаў Беларусі. Іх накіравалі туды 20 верасьня.

«Мы ўбачылі, як укараняецца вопыт спэцыяльнай ваеннай апэрацыі (так у Расеі і Беларусі называюць вайну Расеі супраць Украіны — рэд.) на практыцы падрыхтоўкі войскаў», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія танкісты накіраваліся на вучэньні ў Расею: будуць пераймаць досьвед баявых дзеяньняў ва Ўкраіне
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.
  • Рэжым Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэньня вайны Расеі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея разглядае траты на Беларусь як выдаткі на вайну, — расейскі эканаміст Іназемцаў