Улады забралі завод у Сьветлагорску ва ўкраінскага інвэстара, а цяпер спрабуюць павесіць на яго даўгі прадпрыемства

Ілюстрацыйнае фота

Светлагорскі завод зварачных электродаў, якім валодала ўкраінская кампанія, спачатку нацыяналізавалі, а потым перадалі расейскаму прадпрыемству. Цяпер яго даўгі спрабуюць спагнаць з украінскага інвэстара, заўважыла выданьне «Флагшток».

Эканамічны суд Гомельскай вобласьці ў жніўні прыняў рашэньне распачаць у дачыненьні да ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» вытворчасьць па справе аб банкруцтве. Падставай паслужыў зварот падатковай інспэкцыі па Сьветлагорскім раёне.

Прадстаўніка прадпрыемства, заснавальнікам якога зьяўляецца ўкраінскае акцыянэрнае таварыства «ПлазмаТэк», на судовым пасяджэньні не было. Наступнае паседжаньне заплянаванае на 24 лістапада 2024 году.

З вызначэньня суда вядома, што ў дачыненьні да прадпрыемства ёсьць восем выканаўчых вядзеньняў на агульную суму 18,6 млн. беларускіх рублёў, зь якіх 11 млн. прыпадаюць на плацяжы ў бюджэт. Кошт маёмасьці, якая ёсьць на балянсе даўжніка, не называецца.

У той жа час маёмасьць, якая раней належала Сьветлагорскаму заводу зварачных электродаў, працягваюць выкарыстоўваць. У сакавіку 2023 году завод стаў часткай расейскай прамысловай групы ARCUS і атрымаў новую назву — «Амета-Электрод». Акрамя завода ў Сьветлагорску, у групу ўваходзяць 4 расейскія прадпрыемствы, у тым ліку Магнітагорскі электродны завод, спэцыялісты якога займаліся паўторным запускам вытворчасьці электродаў у Сьветлагорску.

На сайце прамысловай групы ARCUS гаворыцца, што ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў» да моманту яго набыцьця ў 2023 годзе знаходзіўся ў стане банкруцтва, але як вынікае з паведамленьня суду, працэс банкруцтва завода ў Сьветлагорску запусьцілі толькі праз паўтара года.

У выніку расейская кампанія атрымала актывы, але ня стала правапераемнікам абавязацельстваў ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў». Цяпер беларускія ўлады спрабуюць іх спагнаць з украінскага інвэстара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі ўласьнік нацыяналізаванага ў Беларусі заводу дамагаўся кампэнсацыі страты актываў, але не ад Менску
  • ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў» зьяўляўся ўласнасьцю ўкраінскай групы кампаній «ПлазмаТэк» з 2010 па 2022 год. За гэты час агульны аб’ём інвэстыцыяў украінскага інвэстара склаў ня менш за 1, 4 млн даляраў ЗША. Сьветлагорскі завод зьяўляўся ўладальнікам кантрольнага пакету акцый у іншых прадпрыемствах групы кампаній «ПлазмаТэк»: расейскай «Маналіт-Цэнтр», казахскай «Monolith KZ» і ўзбэцкай «Monolith Asia». Сукупны ўдзел у статутным капітале гэтых кампаній на пачатак 2021 года перавышала 2,5 млн даляраў.
  • 2 сакавіка 2022 году кіраўніцтва кампаніі — уласьніцы беларускага заводу заявіла пра спыненьне яго дзейнасьці ў сувязі з пачаткам расейскага ваеннага ўварваньня з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі і адклікала ўсіх сваіх украінскіх спэцыялістаў на радзіму.
  • Прадпрыемства не працавала да канца 2022 году, калі Аляксандар Лукашэнка пры прызначэньні новага старшыні Сьветлагорскага райвыканкама даручыў яму «забраць» прадпрыемства і аднавіць яго дзейнасьць.
  • 21 траўня 2023 году сьветлагорскае мясцовае выданьне паведаміла, што завод аднавіў працу пасьля таго, як яго новым уласьнікам стаў Магнітагорскі электродны завод з Расеі.
  • Пасьля гэтага ўкраінскі ўласьнік нацыяналізаванага ў Беларусі заводу дамагаўся кампэнсацыі страты актываў ад Расеі, але ўкраінскі суд адмовіў у задаволеньні пазову аб спагнаньні стратаў у памеры 27,3 мільёна даляраў з Расеі.