Беларускую закладніцу ў Нігерыі вызвалілі бяз выкупу

Ігар Карней, Менск Пасьля амаль двух тыдняў у палоне нігерыйскіх сэпаратыстаў вызваленая грамадзянка Беларусі Ірына Экпа-Ума. У тэлефоннай размове зь менскімі сваякамі жанчына паведаміла, што падчас затрыманьня 5 траўня была параненая ў нагу і пройдзе мэдычную рэабілітацыю. У сваю чаргу, у кампаніі “Компас груп”, якая ўваходзіць у транснацыянальную нафтавую карпарацыю “Whassan Eurest Nigeria Limited”, запэўнілі: выкупу 1 мільён 200 тысяч даляраў, запатрабаванага зламысьнікамі, яны не плацілі.
Сёньня прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Папоў афіцыйна пацьвердзіў, што Ірына Экпа-Ума вызваленая і ёй больш нічога не пагражае:

“На шчасьце, наша грамадзянка ўжо знаходзіцца на волі. Паводле нашай інфармацыі, яе жыцьцю і здароўю больш нічога не пагражае, стан былой закладніцы здавальняючы. Якіхсьці іншых дэталяў я на гэты момант паведаміць не магу. Думаю, калі непасрэдныя ўдзельнікі апэрацыі ў вызваленьні грамадзянкі Беларусі палічаць за неабходнае падзяліцца імі з грамадзкасьцю, яны абавязкова гэта зробяць. Але, натуральна, з улікам вельмі далікатнай спэцыфікі гэтай сытуацыі”.

Закладніца вызваленая і шпіталізаваная

Сёньня ўначы Ірына Экпа-Ума затэлефанавала ў Менск дачцэ Разаліне і паведаміла пра сваё вызваленьне. Пры гэтым яна не падавала дэталяў і не казала, ці быў за яе заплачаны выкуп.

Але раніцай 17 траўня кіраўніцтва кампаніі “Компас груп”, афіцыйна запэўніла: выкуп 1 мільён 200 тысяч даляраў, як таго патрабавалі зламысьнікі, яны не плацілі.

У кампаніі ўдакладнілі, што за станоўчы вынік справы перадусім удзячныя ўладам Нігерыі, якія ў часе перамоваў з сэпаратыстамі дамагліся вызваленьня іх супрацоўніцы. У кампаніі гэтаксама паведамілі, што адразу пасьля вызваленьня Ірына Экпа-Ума была шпіталізаваная.

Ці вернецца Ірына Экпа-Ума ў Менск?

У інтэрвію Радыё Свабода брат Ірыны Алег Гівоін сказаў, што падчас захопу 5 траўня сястра была параненая ў нагу. Пра гэта са спасылкай на шэраг афрыканскіх СМІ мы паведамлялі яшчэ 7 траўня, аднак той інфармацыі не пацьвярджалі ні ў амбасадзе Беларусі ў Лёндане, дзе беларуска стаіць на консульскім уліку, ні ў расейскім дыппрадстаўніцтве ў Лягасе, якое вяло перамовы ад імя МЗС Беларусі.

Гэтаксама Алег Гівоін расказаў, што пакуль асабіста зь сястрой не гаварыў

Яшчэ раней спадар Гівоін расказваў: апошнім часам сястра ўсё часьцей наракала на складанасьці, якія суправаджаюць у Нігерыі некарэннае насельніцтва і наўпрост казала, што хацелася б вярнуцца на радзіму. Ці нядаўні палон падштурхне да вяртаньня ў Беларусь?

Гаворыць Алег Гівоін:

“Толкам пакуль ня ведаю. Гэта былі такія, ведаеце, пляны на пяцігодку. А ня тое, што месяц-два — і я вярнуся. Пакуль, прынамсі, яшчэ нічога незразумела...”

Вызваленьнем грамадзянкі Беларусі цягам амаль двух тыдняў займаліся ўлады Нігерыі, расейская амбасада ў Лягасе, а таксама Інтэрпол.

Раней сэпаратысты пагражалі, што ў выпадку адмовы заплаціць ім выкуп яны выкарыстаюць закладніцу дзеля рытуальных мэтаў 16 траўня.

Гл. таксама:

• Лічба дня: 1.200.000 $ – такі выкуп патрабуюць за беларуску ў Нігерыі

• Захопнікі беларускай грамадзянкі ў Нігерыі не выходзяць на сувязь

• Выкрадзеная ў Нігерыі беларуска адчувала небясьпеку

• Якія небясьпекі чакаюць беларусаў у зонах ваенных канфліктаў