Сьвятары Праваслаўнай аўтакефальнай царквы маліліся ў Курапатах

Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Курапатах сьвятары Праваслаўнай аўтакефальнай царквы правялі набажэнства, прымеркаванае да падзеяў 4-гадовай даўніны, калі ва ўрочышчы згарэў намёт абаронцаў Курапатаў, і адзін з валянцёраў атрымаў моцныя апёкі. Удзельнікі доўгатэрміновай вахты памяці 2001-2002 гадоў сёньня ва ўрочышчы згадвалі тыя падзеі, а таксама праводзілі паралелі з сёлетнімі пасьлявыбарчымі пратэстамі. У Курапатах пабывала нашая карэспандэнтка.
(Акаловіч: ) “Мы прыйшлі пакланіцца самаахвярным учынкам курапацкіх ахвяраў, якія загінулі за тое, каб жыла вольная Беларусь. Мы таксама мусім сёньня ўспомніць і тых абаронцаў гэтай курапацкай сьвятыні, якія штодзённа, штоночы адстойвалі, каб гэтае сьвятое месца не было апаганенае”.

Сьвятары Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч, Віктар Кавалькоў і Генадзь Драздоў сёньня маліліся ў курапацкім лесе. А амаль месяц таму ўсе трое сьвятароў ладзілі набажэнствы ў намётавым лягеры на Кастрычніцкай плошчы. 25 сакавіка Леаніда Акаловіча і Віктара Кавалькова зьбілі амонаўцы. Але сёньня сьвятары згадвалі, як 19 красавіка 2002 году ў Курапатах быў спалены намёт валянцёраў, і адзін з абаронцаў Алесь Поклад з моцнымі апёкамі трапіў у рэанімацыю. Крымінальная справа тады ня была заведзеная, і дагэтуль невядомыя прычыны ці віноўнікі пажару. Валянцёр Алег Гнедчык добра памятае тыя падзеі.

(Гнедчык: ) “Тады ўлады сказалі, што мы самі гэта зрабілі. Гэта ніколі не забудзецца. Улады хацелі зьнішчыць гэтае месца, каб ніхто ня ведаў. Калі б мы не адстаялі Курапаты, то нічога б не было, не было б і падзей 2006 году”.

Алега Гнедчыка затрымалі падчас разгону акцыі на Кастрычніцкай плошчы і ён адседзеў 12 сутак у Жодзінскім ізалятары. Другі актывіст курапацкай вахты памяці Алесь Васілеўскі атрымаў 10 сутак арышту пасьля затрыманьня на Кастрычніцкай плошчы. Алесь занепакоены тым, што колькасьць удзельнікаў пратэстаў памяншаецца.

(Васілеўскі: ) “Хаця мы і сабралі людзей на гэтыя пратэсты, нават калі параўноўваць з курапацкай акцыяй, то ўсё роўна людзей усё меней і меней”.

Яшчэ адзін актывіст курапацкага чыну Глеб Вязоўскі лічыць, што тое, што адбывалася сёлета на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, мела пачатак у Курапатах.

(Вязоўскі: ) “У 2001 годзе гэта, напэўна, была першая акцыя, калі людзі сапраўды аб’ядналіся разам і пачалі змагацца, каб тут не пабудавалі кальцавую дарогу. І цяпер у 2006 годзе ўсё больш разумеюць… Можна сказаць, што ўсё пачыналася з Курапатаў”.

Вахта памяці ў Курапатах доўжылася больш за 8 месяцаў. Валянцёры пратэставалі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз месца масавых расстрэлаў. Праз курапацкую вахту памяці прайшлі некалькі сотняў чалавек.