Дасьледаваньне "Свабоды": як беларусы сваіх дзяцей называюць

Іна Студзінская, Менск “Як вы човен назавеце, так ён і паплыве”, – казаў літаратурны герой капітан Урунгель. Раней манапольнае права даваць імя дзіцяці мела царква. У царкве, касьцёле – звычайна без бацькоў – поп, ксёндз выбіралі імя з улікам датаў царкоўнага календара. Цяпер часы зьмяніліся, і бацькі выбіраюць імя свайму нашчадку па свайму густу.
Перш за ўсё імя, прозьвішча сьведчыць пра нацыянальную прыналежнасьць чалавека. Возьмем, да прыкладу, вядомых людзей беларускай зямлі: Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Язэп Драздовіч, Міхал Агінскі, Адам Міцкевіч, Пятрусь Броўка, Паўлюк Трус, Янка Купала, Якуб Колас…

Навуковец Сымон Барыс у 1996 годзе выдаў слоўнік “Беларускія імёны”. І натхніла яго на стварэньне дапаможніка для маладых бацькоў паэма “Новая зямля” Якуба Коласа. Чытаем “Пярэбары”:

“Тут быў Базыль, Антось Тацянін, Карусь Дзівак (ён між парканін Схаваў трайню, рагач, дзве восі, Тайком узяўшы ад Антося), Яшчэ Кастусь, Паўлюк Куртаты, Сцяцюк, Казюк Скарабагаты Ды брат Міхася і Антося, — Мужчын нямала набралося”.

Яшчэ больш называе паэт жаночых імён, сьвержаньскіх кабет: Каруся, Палуся, Цацэля, Марцэля, Алена, Магдалена, Зося, Антося, Анэта, Праксэта, цётка Івася, бабка Кася…Тут жа Якуб Колас пералічвае іншых жанчын: Марыля, Тацяна, Мар’яна, Антоля, Міхаліна, Зося, Цэкля, Кацярына, Аўдоля…

Безумоўна, клясык беларускай літаратуры прыводзіць шмат размоўных формаў. Дасьледчык беларускіх імёнаў Сымон Барыс іх таксама ўключыў у свой слоўнік. Але кіраваўся ён пры стварэньні дапаможніка многімі крыніцамі і прынцыпамі.

(Барыс: ) “Па-першае, наколькі пашыранае гэта імя сярод народу. Наколькі гэта імя сапраўды беларускае. Як яно выкарыстанае ў беларускай літаратуры нашымі пісьменьнікамі, у першую чаргу, клясыкамі. Як яно выкарыстана ў гісторыі. Якія імёны былі ў эліты Вялікага Княства Літоўскага, у Полацкім княстве, Тураўскім княстве. І вось па такім прынцыпе быў складзены даволі прыстойны слоўнік. А пасьля мой слоўнік быў неафіцыйна адрэдагаваны ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук”.

Слоўнік беларускіх імёнаў Сымона Барыса – не адзіная навуковая праца. Распавядае лінгвіст Зьміцер Саўка.

(Саўка: ) “Ёсьць слоўнічак 1965 году Міколы Судніка.У чым яго краса? Там падаюцца сярод вельмі афіцыйных формаў зусім неафіцыйныя. І гэтых неафіцыйных формаў налічваецца ў дачыненьне некаторых імёнаў да дзясятка. Гэта, можна сказаць, “адлігаўскі слоўнік”, хрушчоўскай адлігі якраз у лексыкаграфічных працах.

Зьвяртае на сябе ўвагу слоўнічак Альгерда Чыжа “Беларускі іменьнік”, які зьявіўся ў 1998 годзе ў Гомелі. Я толькі некаторыя імёны зачытаю: “Жывадар, Жывінбут, Жывор, Жыгімонт, Жыжаль, Жыцень”. Гэта першая сучасная спроба зрабіць іменьнік на падставе гістарычных імёнаў, формаў імёнаў аказыянальных, якія фіксаваліся ў самых розных крыніцах – ад старабеларускіх да фальклёрных”.

І ўсё ж такі: як цяпер беларусы называюць сваіх дзетак? Распавядае Васіль Цярэшка.

(Цярэшка: ) “У мяне двое дзетак. Старэйшага завуць Францішак, а малодшая Паўлінка”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы іх называеце дома?”

(Цярэшка: ) “Калі Францішак быў малы, называлі Ціша. Малая мая называе яго чамусьці Тата. Мяне – бацька, а яго – Тата. А Паўлінка, калі яшчэ слаба гаварыла, назвала сябе Паніка, мы яе і называем Паніка”.

Цікавыя гісторыі пра імёны сваіх дзетак распавёў і Зьміцер Саўка, у якога іх чацьвера – Уладзіслаў, Юстына, Караліна. Малодшага назвалі падвойным імем Стэфан Люцыян.

(Саўка: ) “Чаму Стэфан? Кароткае імя вельмі добра спалучаецца з прозьвішчам, імя дастаткова рэдкае, незацяганае. Што да Люцыяна – мне гэта імя падабалася яшчэ з часоў літаратуры ў школе. “Люцыян Таполя” – паэма Максіма Танка пра выдатнага народнага майстра, разьбяра, скульптара. Вось такое спалучэньне рэзкага, ваяўнічага імя Стэфан, якое асацыюецца са Стэфанам Батурам, і Люцыян – такі пачатак пяшчотны. Штосьці такое багемнае, мастакоўскае, крэатыўнае ў імені Люцыян…”

У 23-й беларускамоўнай гімназіі ёсьць Адэлі, Марылі, Караліны, Кастусі, Стасікі, Франакі, нават Якуб і Язэп. Але, як сьведчыць статыстыка і супрацоўніца Першамайскага ЗАГСу спадарыня Алена…

(Алена: ) “Самыя распаўсюджаныя імёны – сярод хлопчыкаў Уладзіслаў і Нікіта. А дзяўчынкі – Марыя, Анастасія і Ганна. У адзін дзень зарэгістравалі сем Анастасій. Анастасія і Нікіта – а адкуль пайшло, ведаеце? Фільм “Гардэмарыны, наперад” – там была Анастасія, вельмі прыгожая, і Нікіта. Сустракаюцца, праўда, і рэдкія імёны – Мітрафан, Ігнат, Платон, Якаў, Арсэн, Кліменці і нават Серафім. А дзяўчынкі – Зарміна, Лада, Гражына, Васіліна, Канстанцыя, Юліяна і Меланьня”.

Што да моды на імёны, то яна заўсёды існавала. Сярод людзей сталага веку – кожны другі Іван ці Валянціна. Потым пайшлі Андрэі, Сяргеі, Сашы, Наташы, Юлі. Была мода на замежныя імёны, кшталту Анжалікі, Робэрта. У 1980-я гады вярнулася мода на старадаўнія імёны – дзяўчынак называлі Кацярынамі, Дашамі, Ксюшамі, хлопчыкаў – зноў Іванамі, Дзянісамі, Станіславамі… Цяпер вось пайшлі Нікіты і Анастасіі. Так, прыгожыя імёны. Аднак жа колькі ж іх будзе ў дзіцячым садку, клясе? Безумоўна, кожны з бацькоў хоча, каб ягоны нашчадак быў у першую чаргу Асобай, адметнасьцю. Вось і спадзяюцца: можа, непаўторнае, рэдкае імя і паўплывае на фармаваньне гэтай самай асобы.

У Першамайскім ЗАГСе я сустрэла чалавека, які адначасова зьмяняў сваё імя і імёны двух сыноў. Ён быў запісаны Аляксандрам, але заўсёды называўся Алесем.

(Алесь: ) “У нас проста не захавалася традыцыя напісаньня беларускіх імёнаў і карыстаньня беларускімі імёнамі. Я сваіх дзяцей не магу запісаць нармальна па-беларуску, так, як я хачу. У мяне Кастусь Браніслаў адзін сын. Другі – Станіслаў Даменік. І рэальна іх не атрымалася запісаць. Псыхалягічная праблема ёсьць заўсёды – як называцца, як прадстаўляцца…”

Зусім нядаўна адмененая інструкцыя, згодна зь якой падвойныя імёны можна было даваць дзецям, толькі калі хтосьці з бацькоў – іншаземец. І спадар Алесь цяпер спрабуе запісаць сваіх сыноў падвойнымі імёнамі.

Дарэчы, клясык беларускае літаратуры Багушэвіч меў імя Францішак-Бэнэдыкт; поўнае імя Каліноўскага — Канстанцін-Вікенці. У сярэднявечча былі вядомымі знатныя беларускія фэадалы Мікалай-Крыштаф Радзівіл, гетман Ян-Геранім Хадкевіч”.

У свой час у Візантыі былі сабраныя і кананізаваныя найлепшыя імёны лацінскай, грэцкай моваў і моваў суседніх краінаў. Таму бальшыня усходнеславянскіх асабовых імёнаў – грэцкія, старажытнарымскія, старажытнагабрэйскія, сірыйскія і эгіпэцкія словы. Андрэй – мужны, адважны, Васіль – царскі, Галіна – спакойная, ціхая, Марына — марская.

Цікава, што многія з такіх імёнаў у беларускай народна-дыялектнай мове набылі разнастайныя варыянты: Соф’я – Зося, Канстанцін – Кастусь. Працягвае Сымон Барыс:

(Барыс: ) “Пётра – паходзіць з габрэйскай мовы, набыло сваю афарбоўку, і ў гісторыі, і ў літаратуры. Вось паэт – Пятрусь Броўка. У нас у рэдакцыі працаваў мастак Пятро Драчоў. Ёсьць такія формы – Пятрусь і Пятро. Іосіф – руская форма. Яшчэ Осіп. У католікаў – Ёзаф, жанчына – Юзэфа. Ад гэтага імені ўтворана чыста беларуская форма Язэп”.

Дарэчы, сам спадар Барыс у 1998 годзе, пры абмене пашпарту настаяў на тым, каб замест Сямёна яго запісалі Сымонам. Праўда, у ЗАГС прыйшлося прынесьці даведку з Інстытуту мовазнаўства, што Сымон – беларуская форма Сямёна.

Пры жаданьні можна дамагчыся, каб чалавека запісалі ў дакумэнтах па-беларуску, лічыць стваральнік Слоўніка беларускіх імёнаў. Проста мы не заўсёды добра ведаем законы. Артыкул 33 “Закону аб мовах” называецца “Мова асабовых імён”:

"Беларускія (рускія) асабовыя імёны і прозьвішчы ўжываюцца ў адпаведнасьці з нацыянальнай іменаслоўнай традыцыі, нормамі і правіламі беларускай (рускай) моваў. Асабовыя імёны і прозьвішчы зь іншых моваў ужываюцца ў беларускай мове ў адпаведнасьці з правіламі перадачы".