“Капітан міліцыі Чубанаў здолеў прамовіць “прабачце”...

Пра што пісалі беларускія газэты 18 сьнежня ў розныя гады мінулага.

“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1927 году паведамляе: “Нядаўна адкрыта ў Вільні (ўжо пятая па ліку ў межах польскай рэспублікі) надавальная рад’ё-станцыя. Дзякуючы гэтаму ёсьць магчымасьць цяпер слухаць канцэртаў і лекцыяў у сябе дома... Трэба толькі жалець, што і гэты вялікі вынаход людзі пачалі выкарыстоўваць на сваю эгоістычную палітыку. Закладчыкі віленскай рад’ё-станцыі ня скрываюць, што будавалі яе, каб заглушыць станцыі: Ковенскую і Менскую і Маскоўскую”.

“ЛіМ” у 1957 годзе інфармуе: “З першага студзеня 1958 года ўводзіцца ў дзеянне Пастанова Совета Міністраў БССР “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”. Гэта дасць магчымасць пазбавіцца дваякага напісання слоў, якое існавала ў нашым друку, у пісьмовай практыцы і школьных падручніках... Ажыццяўленне Пастановы Совета Міністраў БССР “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу” будзе садзейнічаць далейшаму развіццю нацыянальнай па форме, соцыялістычнай па зместу культуры беларускага народа”.

“Народная воля” ў 1997 годзе піша: “Паняцьце гонару ў міліцыянтаў не абудзілася само па сабе. Іх прымусіла прасіць прабачэньня настойлівасьць грамадзяніна В.А.Шчукіна. Па-першае, ад Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь ён дамогся прызнаньня паводзінаў міліцыі неправамернымі. Па-другое, Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму ён змусіў абавязаць Кастрычніцікі РАУС трымацца кодэксу афіцэрскага гонару. Толькі пасьля гэтага капітан міліцыі Чубанаў не бязь цяжкасьці здолеў прамовіць “прабачце”...