Барысаў: Алег Лыско асуджаны на 15 сутак

Сёньня судзьдзя Барысаўскага райсуду Вікторыя Юдзілевіч пакарала актывіста прадпрымальніцкага руху Алега Лыска 15 суткамі арышту.

Асуджанага абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным вулічным мітынгу прадпрымальнікаў у райцэнтры 10 студзеня.

Алег Лыско мае дзьвюх дачок, малодшай — толькі пяць гадоў. І сёньня міліцыянты арыштоўвалі бацьку пры малых. Пра гэта паведаміла “Свабодзе” Алегава жонка Алена. Яна кажа, што падтрымлівае мужа і цяперашнія пратэсты прадпрымальнікаў супраць рэжыму:

“Вядома, што я за такі пратэст. Трэба змагацца і трэба зь нечага пачынаць. Каб усе зразумелі, уся Беларусь”.

У сем гадзін раніцы Алега Лыска затрымалі, у дзесяць — асудзілі. Расказвае яго сябра Міхаіл Васільеў:

“У судзе было дваццаць чалавек. Адзін другому “сьвіснулі” — зьляцеліся. Вось і цяпер яшчэ людзі папракаюць: “Чаму мне не патэлефанавалі? Чаму мяне прапусьцілі?” Ну, нашы людзі настроеныя вельмі рашуча. Я размаўляў з прадстаўнікамі міліцыі, тлумачыў: “Вы саджаеце, але цярпеньне ў людзей ужо лопнула”.

Міхаіл Васільеў кажа, што на сёньня ў Барысаве павялічваецца колькасьць прадпрымальнікаў, якія жадаюць трапіць на акцыю пратэсту ў Менску ў панядзелак, 21 студзеня. Паводле зьвестак аргкамітэту кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, сваіх прадстаўнікоў накіруюць таксама Слуцак, Салігорск, Дзяржынск, Нясьвіж, Узда.

Камэнтуе сытуацыю старшыня Менскай абласной філіі АГП Леў Марголін. Ён сёньня таксама прысутнічаў у судзе над Алегам Лыском:

“Алег Лыско якраз адносіцца да тых людзей, якія валодаюць абвостраным пачуцьцём асабістай годнасьці. Я б не сказаў, што ён палітычны актывіст, але гэты чалавек заўжды рэагаваў на часам ня вельмі прыгожыя справы, што адбываюцца на рынках. Таму людзі да яго прыслухоўваюцца.

Не магу, вядома, сьцьвярджаць, што сытуацыйныя лідэры стануць адразу палітычнымі асобамі, але мяркую, што колькасьць гэтых палітычна сьвядомых асобаў у рэгіёнах пасьля цяперашніх падзеяў значна ўзрасьце”.