Рэдактар “Газеты Слонімскай” дае тлумачэньні пракуратуры

Шэраг артыкулаў выданьня не спадабаўся абласной управе юстыцыі. Наколькі сур’ёзныя гэтыя закіды?

Артыкулы ў “Газеце Слонімскай”, да якіх узьніклі прэтэнзіі ў гарадзенскай абласной управе юстыцыі, дастаткова разнастайныя. Па-першае, гэта судовыя матэрыялы, якія таксама друкуе канкурэнтка, — дзяржаўная раённая газэта “Слонімскі весьнік”. Асноўны закід — публікацыі ў “Газеце Слонімскай” зьяўляліся да таго, як прысуд набываў правамоцнасьць. Галоўны рэдактар Віктар Валадашчук кажа, што ён мусіў зьвярнуцца па юрыдычную дапамогу ў Беларускую асацыяцыю журналістаў, а затым даваў тлумачэньні ў пракуратуры.
“Што датычыць артыкулаў з пасяджэньняў суда, я патлумачыў, што мы не карысталіся ніякімі матэрыяламі суда, наш рэпарцёр знаходзіўся на паседжаньні і ён рабіў свае матэрыялы ў жанры судовага рэпартажу”.
Яшчэ адна прэтэнзія датычыла публікацыі пра помнік польскім жаўнерам, што знаходзіцца на гарадзкіх могілках. Была зьмешчана гутарка з мясцовай дзяячкай Саюзу палякаў, у лісьце з управы юстыцыі гаварылася, што ў арганізацыі няма належнай рэгістрацыі.
Валадашчук: “На самай справе, як мы даведаліся, і гэтую жанчыну выклікалі ў пракуратуру, што гэтая арганізацыя зарэгістраваная, мае пячатку і я ня ведаю, чаму яны палічылі, што яна не зарэгістравана. І кабета патлумачыла, што адбываецца з помнікам, якія яна робіць захады, каб яго выратаваць”.
Гарадзенская газэта “Пагоня” была закрытая судом пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Галоўнага рэдактара Міколу Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйку пакаралі абмежаваньнем свабоды. Пазьней Маркевіч выпускаў газэту “День”, якая таксама спыніла існаваньне. Ці ўдаецца ўладам цалкам абмежаваць доступ незалежнай інфармацыі?
Маркевіч: “Адказ на гэтае пытаньне ня можа быць адназначным. Безумоўна, вэртыкаль ставіць задачу, каб людзі ня мелі незалежнай праўдзівай інфармацыі, і гэтая задача цягам апошніх гадоў выконваецца. Людзі сапраўды, калі ўзяць Гарадзеншчыну, гэтай незалежнай аб’ектыўнай інфармацыі пазбаўлены. З другога боку, разьвіваецца інтэрнэт-прастора, але яна вялікага ўплыву сёньня на грамадзка-палітычныя працэсы, уяўленьні людзей пра рэчаіснасьць, не аказвае”.
Што датычыць новых тэле- і радыёпраектаў, якія ўзьніклі за мяжой і разьлічаныя на Беларусь, то ім, каб набыць шырокую аўдыторыю, патрэбныя гады, кажа Мікола Маркевіч.
Калі казаць пра супрацоўнікаў незалежных гарадзенскіх выданьняў, што спынілі выхад, то некаторыя нават уладкаваліся ў афіцыйных мас-мэдыя, іншыя — у інтэрнэт-выданьнях, а ёсьць тыя, хто зьехаў за мяжу. Два прыклады: Анджэй Пісальнік, які працаваў у газэце “День”, сёньня прадстаўляе ў Маскве буйное польскае выданьне “Rzecz Pospolita”, а ягоны калега па “Дню” Андрэй Пачобут — карэспандэнт “Gazety Wyborczej”.