Польшча: перамовы мінфіну з мытнікамі працягнуцца

У Польшчы працягваецца старайк мытнікаў, якія патрабуюць падвышэньня заробкаў. У выніку на ўсходніх межах Польшчы, у тым ліку і зь Беларусьсю, зьявіліся шматкілямэтровыя чэргі грузавікоў.

“Пратэст мытнікаў працягваецца”, – заявіла журналістам Івона Фольта з Мытнай палаты ў Кракаве. Паводле яе словаў, інфармацыя міністэрства фінансаў краіны аб тым, што паразуменьне з прафсаюзамі мытнікаў дасягнутае, не адпавядае рэчаіснасьці.

Супрацоўнікі мытнай службы дамагаюцца павелічэньня заробку прыкладна на 600 даляраў, у той час як улады прапаноўваюць толькі 200. Але гэта ня ўсе патрабаваньні.

“Справа ў тым, што мы патрабуем таксама зьмены заканадаўства аб мытнай службе, бо яно вельмі слаба абараняе мытнікаў асабліва ў выпадках арышту ці затрыманьня. У такой сытуацыі нам не даюць абараняцца, мы аўтаматычна губляем працу”, – кажа адзін з удзельнікаў страйку мытнікаў.

У суботу ў другой палове дня найвялікшая чарга грузавікоў была на ўкраінска-польскім пераходзе ў Дарахуску – 900 аўтамабіляў. Чэргі на беларуска-польскіх пераходах карацейшыя – 200 ў Баброўніках і 100 аўтамабіляў у Кузьніцы Беластоцкай.

“У мяне быў запас ежы, вады, так што атрымалася неяк перачакаць у чарзе. Але жах усё гэта”, – кажа кіроўца грузавіка, які ехаў з Расеі ў Польшчу праз Беларусь.

Між тым прадстаўнікі транспартных фірмаў, якія губляюць на чэргах вялікія грошы, кажуць, што калі ў бліжэйшы час улады не дамовяцца з мытнікамі, дык яны заблякуюць грузавікамі ўсе пад’езды да Варшавы.

Міністэрства фінансаў Польшчы ўчора ўвечары заявіла, што пасьля 12-ці гадзінных перамоваў з прадстаўнікамі прафсаюзаў мытнікаў было дасягнутае ўступнае паразуменьне, якое прадугледжвае, сярод іншага, павялічэньне заробку на 500 злотых (каля 200 даляраў).

Частка прафсаюзаў, аднак, заявіла, што паразуменьне ня мае юрыдычнай сілы, бо ня ўсе прафсаюзы бралі ўдзел ў перамовах, а большасьць на такое павялічэньне заробку нязгодная, таму страйк працягваецца.

Перамовы павінны аднавіцца ў нядзелю альбо яшчэ сёньня ўвечары.