Аляксандра Чычыкава марыць правесьці Нацыянальны конкурс «Міс Беларусі на інвалідным вазку»

Аляксандра Чычыкава

Уладальніца кароны «Міс Сусьвету — 2017 на інвалідным вазку» 23-гадовая беларуска Аляксандра Чычыкава марыць арганізаваць аналягічны нацыянальны конкурс «Міс Беларусі». Яна хоча зьмяніць стаўленьне беларускіх уладаў і грамадзтва да людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Іншых удзельніц конкурсу яна лічыць не канкурэнткамі, а сяброўкамі.

Сёлета конкурс «Міс Сусьвету на інвалідным вазку» (Miss Wheelchair World 2017) праходзіў у Варшаве. Беларусь прадстаўлялі дзьве дзяўчыны — Ангеліна Ўэльская і Аляксандра Чычыкава.

Аляксандра Чычыкава яшчэ ў Польшчы, вернецца ў Беларусь праз тыдзень. Аляксандра дала эксклюзіўнае інтэрвію Свабодзе.

«Мы працавалі над тым, каб разам зьмяніць сьвет»

— Аляксандра, колькі ў вас было канкурэнтак на конкурсе «Міс Сусьвету»?

— Я не магу назваць удзельніц конкурсу канкурэнткамі. Гэта мае сяброўкі, якія сталі для мяне вельмі блізкімі людзьмі. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 24 дзяўчыны з самых розных краін сьвету.

Патлумачу, чаму я не лічу іх канкурэнткамі. Усе 10 дзён, якія мы прабылі разам у Варшаве, мы былі камандай, мы працавалі над тым, каб разам — выкажуся гучна — зьмяніць сьвет. Зьмяніць погляды, зьмяніць адносіны наагул да жанчын, да дзяўчат, незалежна ад таго, інвалід яна ці не. Кожная дзяўчына, якая тут была, не супернічала, а падтрымлівала, заўзела адна за адну. Таму я не магу сказаць, што для мяне тут хтосьці быў канкурэнтам.

— А складана было перамагчы? Што для вас было самым цяжкім?

— Конкурсаў у літаральным сэнсе гэтага слова не было. Не было конкурсу, да прыкладу, талентаў, конкурсу танцу. У нас былі выхады — выхад у кактэйльнай сукенцы, выхад у нацыянальным строі, выхад у вечаровай сукенцы. І харэаграфічныя пастаноўкі не былі індывідуальныя для паказу кожнай дзяўчынай. Гэта былі, скажам так, агульныя, харэаграфічныя выхады. І ацэньвалася кожная дзяўчына не па асобных конкурсах, а паводле іншых парамэтраў. Па якіх дакладна парамэтрах, я дакладна сказаць ня магу, таму што я не была ў журы, я ня ведаю.

«Мая галоўная мэта — перадаць сэнс і ідэю гэтага мерапрыемства»

— Яшчэ напярэдадні конкурсу вы казалі, што статус удзельніцы адкрые шмат магчымасьцяў. Я ведаю, што вы яшчэ на цэлы тыдзень застаяцеся ў Варшаве, каб вырашыць арганізацыйныя пытаньні,. Вось канкрэтна — як можна выкарыстаць ваша ганаровае званьне, вашу перамогу?

— Мая галоўная мэта, пасьля таго як я атрымала карону пераможцы «Міс Сусьвету», — прыкласьці ўсе намаганьні, каб перадаць сэнс і ідэю гэтага мерапрыемства. А сэнс і мэта гэтага праекту — гэта ня сам конкурс. Таму што арганізатары імпрэзы ў Польшчы былі скіраваныя на тое, каб паказаць дзяўчыне яе прыгажосьць, але прыгажосьць ня толькі зьнешнюю, але і ўнутраную, агеньчык, які яе рухае, з дапамогай якога яна прасоўваецца па жыцьці, дамагаецца сваіх мэтаў і нягледзячы на шматлікія перашкоды ідзе да сваёй мары. Таму перада мной цяпер адкрываецца магчымасьць прасоўваць гэтую ідэю ў маёй краіне, а таксама прасоўваць яе і ў іншых краінах. І паказваць людзям, што магчымасьці і прыгажосьць ня маюць абмежаваньняў.

«Я не магу ўладкавацца на працу, на якую хачу»

— Аляксандра, натуральна, вы гутарылі зь дзяўчатамі зь іншых краін. У Беларусі шмат кажуць пра безбарʼернае асяродзьдзе, прынятая Дзяржаўная праграма для падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Але мне падаецца, што гэта збольшага толькі на словах і на паперы, а ў рэчаіснасьці ўсё далёка ня так. За краіну ня крыўдна? Што тут трэба зрабіць, каб зьмяніць стаўленьне дзяржавы, грамадзтва да гэтай праблемы?

— Так, я гутарыла літаральна з усімі дзяўчатамі, і з такіх дзяржаваў, як Індыя, Ангола, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, былі і прадстаўніцы ЗША, эўрапейскіх краін. Канечне, у кожнай краіне ўсё па-рознаму — і безбарʼернае асяродзьдзе, і магчымасьці, і праца. Калі параўноўваць зь некаторымі іншымі краінамі, то сумна і крыўдна. Я быццам бы жыву ў разьвітай краіне ў цэнтры Эўропы, але ня маю магчымасьці пайсьці туды, куды я хачу, бо я не магу туды трапіць з прычыны бардзюраў і прыступак. Я не магу ўладкавацца на працу, на якую я хачу, а павінна шукаць працу, куды змагу дабрацца безь перашкодаў. Гэта расчароўвае, бянтэжыць. Я проста хачу пажадаць кіраўніцтву краіны, міністэрствам — каб яны задумаліся, што людзі, якія маюць пэўныя абмежаваньні, таксама хочуць паўнавартасна ўдзельнічаць у сацыяльным жыцьці. Размаўляючы з прадстаўніцамі Амэрыкі, Нідэрляндаў, ты разумееш, што мы адстаём ад іх на 20–30 гадоў. То бок стаўленьне да людзей з абмежаванымі магчымасьцямі і ўмовы ў іх і ў нас — гэта неба і зямля.

Аляксандра Чычыкава, архіўнае фота

«Нацыянальны конкурс для нашых цудоўных дзяўчат вельмі патрэбны»

— Аляксандра, але карона пераможцы такога прэстыжнага конкурсу — гэта ня толькі высокая адзнака, гонар, але і вялікая адказнасьць і праца. Ведаю, што цэлы год вы павінны будзеце напружана працаваць...

— Так, наперадзе сурʼёзная праца. Але, назіраючы за правядзеньнем конкурсу ў Варшаве, я даведалася, што палякі патрацілі на яго падрыхтоўку шмат гадоў, каб ён прайшоў на такім высокім узроўні. Якая шыкоўная пляцоўка, «Arenа Ursynów» у Варшаве, была абрана для яго правядзеньня, наколькі шмат было партнэраў, наколькі былі задзейнічаныя ўлады, уцягнутае ўсё грамадзтва, колькі сіл, сродкаў было патрачана — я проста ганаруся гэтай краінай. Таму я буду прыкладаць усе намаганьні, каб правесьці такі конкурс і ў Беларусі на такім жа найвышэйшым узроўні — не ніжэй. Я спадзяюся, у мяне гэта атрымаецца. Нацыянальны конкурс Беларусі для нашых цудоўных дзяўчат вельмі патрэбны, тым больш што ў суседніх Украіне і Расеі падобныя конкурсы праходзяць. Цягам бліжэйшага тыдня я павінна буду заключыць дамовы, дзе будуць прапісаныя ўсе мае абавязкі.

Пераможца, уладальніца кароны «Міс Сусьвету — 2017» Аляксандра Чычыкава працуе ў кол-цэнтры гіпэрмаркету паслуг «124», грае ў Свабодным тэатры, водзіць аўтамабіль. Хутка яна атрымае дыплём псыхоляга.