Алена Анісім

Алена Анісім. Фота Арцёма Канцавога.

Нарадзілася 28 верасьня 1962 году ў вёсцы Савоні на Стаўпеччыне Менскай вобласьці ў сям’і настаўнікаў. У 1978 годзе скончыла Залускую сярэднюю школу з залатым мэдалём. У 1983 годзе скончыла філфак БДУ. Была актыўнай удзельніцай нефармальнага моладзевага аб’яднаньня «Майстроўня».

З 1991 году працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (з 2008 году называецца Інстытут мовы і літаратуры, зараз уваходзіць у якасьці філіялу ў «Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН). З канца 90-х — актыўны сябра ТБМ. Доўгі час узначальвала Менскую гарадзкую арганізацыю, сябры якой разам з бацькоўскім камітэтам дамагліся адкрыцьця 23-й гімназіі зь беларускай мовай навучаньня. Менавіта Рада ТБМ Менску заснавала газэту «Новы час», як кіраўнік арганізацыі пэўны час была галоўным рэдактарам. Пасьля зьмяненьня ўмоў дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў для выданьня газэт было створана прадпрыемства «Час навінаў», якое яна ўзначальвала. Акрамя таго, менавіта ў гэты час была знойдзена магчымасьць працаўладкавацца журналістам зачыненай газэты «Згода».

Другі раз запар на зьездах ТБМ была абрана першым намесьнікам старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.