«Лукашэнка разумее, што для яго сыход на Захад немагчымы»

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — дырэктар праграмы Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносін Аркадзь Мошэс.

Ён адказвае на пытаньне, каму — Менску альбо Маскве — больш патрэбная газавая вайна і як далёка яна можа зайсьці, тлумачыць, ці сапраўды Лукашэнка хоча адарвацца ад Расеі, і заяўляе, што для цяперашняга беларускага рэжыму сыход на Захад немагчымы. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Апошнія месяцы ў беларуска-расейскіх дачыненьнях актыўна разгортваецца канфлікт, які аналітыкі традыцыйна называюць «газавай вайной». У вашай вэрсіі — хто тут праяўляе ініцыятыву, хто пачынальнік гэтай вайны? Якія матывы распальваць канфлікт у абодвух бакоў?

— Мы маем справу з пытаньнем, якое даволі добра ўпісваецца ў даўнюю традыцыю расейска-беларускіх дачыненьняў — традыцыя перацягваньня канату, якая ўключае ў сябе пэрыядычныя абвастрэньні.

Безумоўна, гэты раўнд барацьбы пачаў Менск, калі адмовіўся плаціць тую цану, якая, як мне падаецца, зь міжнароднага юрыдычнага гледзішча ўстаноўленая ў адпаведнасьці з двухбаковымі пагадненьнямі. Відаць, разьлік Менску быў на тое, што нейкія кантэкстуальныя зьмены адбыліся, і Расея будзе гатовая ўвайсьці ў становішча беларускага боку, якому патрэбныя грошы.

Я думаю, Масква мякка нагадвае Менску, што разьлічваць на масіраваную фінансавую дапамогу ад Захаду не выпадае

Але Расея на гэта не пайшла — я думаю, у пэўнай ступені таму, што фінансавае становішча канкрэтных эканамічных суб’ектаў, таго ж Газпрому, у цяперашняй сытуацыі ня вельмі добра супадае з надаваньнем эканамічных субсыдыяў. Але, безумоўна, у маскоўскіх раскладах прысутнічаў і ўлік тых зьменаў, якія адбыліся ў замежнапалітычнай сытуацыі, той флірт, які Менск дазваляе сябе з Захадам. Я думаю, Масква мякка нагадвае Менску, што разьлічваць на масіраваную фінансавую дапамогу ад Захаду не выпадае і што дамаўляцца пра фінансавае ратаваньне Беларусі давядзецца найперш з Расеяй.

— Але Менск проста просіць і патрабуе зьмяніць цану на газ найперш таму, што яна зьмянілася ва ўсім сьвеце. Лягічна, што пакупнік ня хоча плаціць за нейкі тавар больш, чым той каштуе на рынку.

— Ведаеце, калі б не было ніякіх эканамічных довадаў у Масквы — то перамовы і не вяліся б. Тут так склалася, што цана на газ ніколі не бывае сусьветнай. У адрозьненьне ад цаны нафты, якая сапраўды ўсталёўваецца на сусьветных рынках — цана на газ заўсёды вынік дамоўленасьці паміж пакупніком і прадаўцом. У свой час Менск падпісаў пагадненьні, якія былі яму выгадныя, бо давалі ніжэйшую цану на газ. Сытуацыя зьмянілася, але дамовы не былі зьмененыя.

У такіх сытуацыях адзіным довадам становіцца наяўнасьць альтэрнатыўнага пастаўшчыка. Шмат якія ўсходнеэўрапейскія краіны, суседзі Беларусі прайшлі праз гэта. Яны разумелі, што нельга залежаць ад аднаго пастаўшчыка, трэба ствараць канкурэнцыю пастаўшчыкоў. Беларускае кіраўніцтва сёньня пажынае вынікі той сытуацыі, у якую само завяло краіну, у чымсьці вынік сваёй недальнабачнасьці.

— Але цяпер эканамічная вайна ўжо пайшла па ўсіх кірунках — тут і абмежаваньне паставак расейскай нафты, і яблыкі, якіх Беларусь нібыта прадала ў Расею ў 5 разоў болей, чым сама вырасьціла, і закрыцьцё рынку для беларускай «малочкі». Ці эскаляцыя набірае ход натуральным парадкам, ці на нейкі знак з Крамля, які як бы кажа — «гасіце беларусаў як хочаце?»

— Я не гатовы пагадзіцца з апошнім вашым выказваньнем, што ўсё ўжо настолькі радыкальна. Я думаю, Крэмль усё яшчэ ў пошуках нейкага балянсу. Масква ня вельмі была задаволеная пазыцыяй, якую заняла Беларусь па ўсім фронце расейска-ўкраінскага канфлікту, які перарос у расейска-заходні. Беларусь фактычна стала пляцоўкай для імпарту тавараў, якія зьяўляюцца санкцыйнымі. Закрыць гэтую дзірку на мяжы спрабавалі ўсялякімі спосабамі, але ня вельмі атрымлівалася. І сёньня спрабуюць няўклюдна змагацца тымі мэтадамі, якія мы бачым.

Але я ня думаю, што размова ідзе аб пераводзе Беларусі ў адну катэгорыю з Украінай

Але я ня думаю, што размова ідзе аб пераводзе Беларусі ў адну катэгорыю з Украінай. Вось Украіну сапраўды «гасяць» усімі даступнымі спосабамі, жадаючы нанесьці ёй непрымальную эканамічную шкоду. Я думаю, у дачыненьні да Беларусі праводзіцца іншая тактыка. Размова не ідзе пра тое, каб нанесьці ёй непрымальную эканамічную шкоду — якую потым давялося б так ці іначай кампэнсаваць самой Расеі.

Размова ідзе пра тое, каб паказаць Беларусі, што спробы флірту з Захадам беспэрспэктыўныя, што спробы гуляць і выходзіць за рамкі нават нейкіх «паняцьцевых» дамоваў ні да чога не прывядуць. І я не выключаю, што ёсьць задума ўсё ж дабіцца таго, каб перавесьці гульню на поле абмеркаваньня пераходу ўласнасьці і актываў на тэрыторыі Беларусі да расейскіх эканамічных структураў. Я не выключаю, што разьвязка газавага канфлікту будзе знойдзеная менавіта ў гэтым полі — зьніжэньне цаны ў абмен на пераход уласнасьці.

— Матывацыю Масквы вы апісалі. А якая матывацыя ў Лукашэнкі? Ці ён сапраўды рэальна хоча адарвацца ад Расеі? Хоча, але ня можа. Ці гэта гульня, мэта якой — выбіць новыя эканамічныя прэфэрэнцыі ад Расеі? І Лукашэнка як глыбока савецкі чалавек нават у страшным сьне не разглядае варыянту сапраўднага адрыву ад Расеі?

— Думаю, што такі дасьведчаны палітык, як Аляксандар Лукашэнка (у якога недахоп ведаў кампэнсуецца інстынктыўным разуменьнем таго, што адбываецца вакол яго), ня можа не разумець, што сыход ягоны на Захад немагчымы. Што адносіны паміж ім і Захадам не прадугледжваюць ніякай ступені даверу (а гэта неабходна для доўгатэрміновага існаваньня). І што Расея пасьля Крыму і Данбасу будзе ў значна меншай ступені стрымліваць сябе нейкімі фармальнымі правіламі, якія дзейнічалі дагэтуль.

Сыход на Захад немагчымы, і сур’ёзная такая спроба пагражае тым, што спадар Лукашэнка ў лепшым выпадку стане суседам спадара Януковіча недзе ў Растоўскай вобласьці

Сыход на Захад немагчымы, і сур’ёзная такая спроба пагражае тым, што спадар Лукашэнка ў лепшым выпадку стане суседам спадара Януковіча недзе ў Растоўскай вобласьці, ці яшчэ ў больш аддаленых месцах. Я думаю, што Лукашэнка спрабуе лявіраваць, — тое, што ён рабіў апошнія 20 гадоў. Але ягоная сытуацыя аказваецца слабейшая, чым была 10 і нават 5 гадоў таму. Бо Расея за апошнія гады ўзмацніла сваё структурнае ўзьдзеяньне на Беларусь, залежнасьць Беларусі вырасла, і Расея можа працягваць нарошчваць свой ціск яшчэ даволі доўга.

Ключ тут — слабасьць беларускай эканомікі і адсутнасьць даверу ў адносінах з Захадам, а таксама зьніжэньне ўзроўню геапалітычных амбіцыяў Захаду. Я ўжо казаў, што ў Лукашэнкі быў шанец калі не сыходу, то сур’ёзнай зьмены балянсу ў гэтым трохкутніку да выбараў 2010 году. Ён на гэта не пайшоў, а сёньня гэтай магчымасьці ўжо няма.

— Неяк надта пэсымістычна. Удакладніце — сыход на Захад Беларусі немагчымы менавіта таму, што ва ўладзе Лукашэнка? Пры іншай, дэмакратычнай палітычнай сыстэме такая адназначнасьць зьнікае?

— Так, але гэта нельга зьмяніць за адну ноч. Гэта працэс на доўгія гады, які павінен прывесьці да фармаваньня іншай сацыяльна-эканамічнай сыстэмы, а ня толькі зьмены пэрсаналіяў. Вядома, я магу ўявіць сёньняшнюю Беларусь без Лукашэнкі, іншы стан грамадзтва. Гэта было б найлепшым варыянтам. Але гэта ня можа адбыцца хутка.