«Белпошта» і «Белсаюздрук» адрэагавалі на абяцаньні Лукашэнкі незалежным газэтам

Belarus - A newsstand "Belsayuzdruk" in Minsk, 2016

Рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук атрымаў адказы зь «Белпошты» і «Беласаюздруку» на просьбу ўключыць ягонае выданьне ў падпісны каталёг і распаўсюджваць праз шапікі.

Зь «Белсаюздруку» пішуць, што заява на распаўсюд «Газеты Слонімскай» у шапіках прынятая да разгляду і ў далейшым рэдакцыю паінфармуюць аб прынятым рашэньні.

«Белпошта» паведамляе, што ў першы квартал году «Газета Слонімская» ня можа быць унесена ў падпісны каталёг, але цяпер фармуецца падпісны каталёг на другі квартал 2017 году, падпісаньне дамоваў з выданьнямі будзе адбывацца напрыканцы сакавіка, і пра гэта рэдакцыю пісьмова папярэдзяць.

Рэдактар Віктар Валадашчук сказаў Свабодзе, што, відавочна, «Белпошта» і «Белсаюздрук» пачалі рэагаваць на абяцаньні, якія Лукашэнка даў рэдактару «Народнай Волі» Ёсіфу Сярэдзічу падчас іхняй сустрэчы. Зь іншага боку, паводле Валадашчука, гэтыя адказы яшчэ ні пра што ня сьведчаць.

Віктар Валадашчук

— Мне дзіўна, што прыйшлі такія фармальныя адказы. Здавалася б, мы не заключаем нейкія звышдамовы на гандаль нафтай. То чаму, здавалася б, не прыслаць адразу адпаведныя паперы, каб я падпісаў, і на гэтым скончыць размову? Але ёсьць пакуль тое што ёсьць, а там пабачым. Усё ж Лукашэнка публічна паабяцаў вярнуць газэты ў шапікі і падпісныя каталёгі.

Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Сярэдзіч назваў Беларускай асацыяцыі журналістаў поўны сьпіс выданьняў, які перадаў Лукашэнку. Гэта «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», Intex-press, «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета» і «ARCHE. Пачатак». І Лукашэнка паабяцаў вярнуць незалежныя выданьні ў «Белсаюздрук» і падпіску.

На працягу больш як дзесяці гадоў «Белпошта» адмаўляецца ўключаць адзінае на Гарадзеншчыне грамадзка-палітычнае выданьне «Газета Слонімская» ў адзіны падпісны каталёг, а «Белсаюздрук» не дазваляе прадаваць яго праз свае шапікі.