«Белсат» атрымае грошы ад Вялікай Брытаніі на барацьбу з расейскай прапагандай

Тэрэза Мэй, архіўнае фота

Прэм’ер-мінстарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй у кампаніі міністраў наведае Варшаву 21 сьнежня ў сувязі з канфліктам між Польшчай і Эўразьязам праз польскія абмежаваньні свабоды судоў, перадае The Guardian.

У Варшаве Мэй мае анансаваць новую брытанска-польскую дамову аб каапэрацыі ў абароне і бясьпецы — гэта толькі другая дамова такога кшталту для Брытаніі, першая была падпісаная з Францыяй. Лёндан захоўваў нэўтралітэт у эўрапейска-польскай спрэчцы, але Тэрэза Мэй можа сустрэцца зь «няпростымі дыпляматычнымі выклікамі», мяркуе The Guardian. Сама Мэй кажа, Brexit не паслабіць стасункаў Брытаніі з Польшчай, а стане іх каталізатарам.

Таксама Брытанія мае запусьціць фінансаваньне барацьбы з расейскай прапагандай — 5 млн фунтаў накіруюць на выяўленьне і процідзеяньне распаўсюду прапаганды, пэўную частку — на беларускамоўны тэлеканал «Белсат».

Асноўная частка фінансаваньня «Белсату» ідзе ад Польшчы. Да 2016 году 16-20 млн злотых давала Міністэрства замежных справаў Польшчы, яшчэ частка грошай паступала зь іншых крыніцаў. Але ў сьнежні 2016 году МЗС Польшчы значна скараціла фінансаваньне «Белсату» — кіраўнік Польскай тэлевізіі казаў, што канал можа быць закрыты, калі МЗС не адновіць супрацу і фінансаваньне.

На пачатку сьнежня 2017 году Камісія фінансаў польскага Сэйму прыняла папраўкі ў бюджэт, што дазваляюць Міністэрству фінансаў выдаткаваць «Белсату» сродкі для працы.

«Я буду монстрам для тых, хто паспрабуе пасварыць нашыя народы», — кіраўніца «Белсату»