Улады дазволілі мітынг і канцэрт ля менскай опэры 25 сакавіка

Прэзэнтацыя альбома Лявона Вольскага «Псыхасаматыка» ў Вільні, ілюстрацыйнае фота

2 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі сустрэліся з прадстаўнікамі Менскага гарвыканкаму. Гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка, паведаміў Свабодзе Аляксей Янукевіч.

Пачатак мітынгу-канцэрту а 14-й гадзіне, збор ля Опэрнага тэатру — а 13-й. Завяршэньне плянуецца а 19-й гадзіне. Мерапрыемства пройдзе пад лёзунгам «Сьвята незалежнасьці».

Пры дазволе мітынгу і канцэрту Менгарвыканкам ня стаў дазваляць вялікае шэсьце праз цэнтар гораду: ранейшую заяўку, што ўключала таксама шэсьце, улады адхілілі, а ў цяперашняй заяўцы аргкамітэт і не прасіў вялікага шэсьця — толькі асобнай заяўкай разглядзець магчымасьць невялікага шэсьця ад помніка Янку Купалу да Опэры.

Прапанова адзначыць 100-годзьдзе БНР з канцэртам, але бяз шэсьця выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

З Вольскім і сьцягамі, але і зь міліцэйскім кардонам

Як раней казаў адзін з арганізатараў мерапрыемства, кіраўнік кампаніі #БНР100 і дырэктар Symbal.by Павал Белавус, на канцэрце дакладна зьбіраецца зграць Лявон Вольскі (або сам, або з «Крамбамбуляй»), вядуцца перамовы зь Сяргеем Міхалком, ёсьць папярэднія дамоўленасьці з гуртамі Dzieciuki, Krama і Neuro Dubel.

Вольскі ў камэнтары Свабодзе раней казаў, што на 25 сакавіка варта ладзіць ня толькі канцэрт, але і нейкі «вялікі баль, ня як на Дзень сьвятога Патрыка, але ўсё мае быць вельмі станоўча».

Бяз гэтага ніяк. Ілюстрацыйнае фота

На канцэрце менскія гарадзкія ўлады абяцалі дазволіць выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі, у тым ліку бел-чырвона-белых сьцягоў — Янукевіч кажа, гэты пункт асобна абмяркоўваўся. Праход да канцэрту будзе абавязкова зладжаны празь міліцэйскія турнікеты з мэталашукальнікамі, на іншыя ўмовы гарадзкія ўлады не пагаджаліся.

Улады абяцалі арганізатарам прадставіць ахову, брыгады мэдыкаў і прыборку пасьля канцэрту бясплатна.

Усё яшчэ трэба сабраць грошы

На сайце Talaka.by вядзецца збор грошай на правядзеньне канцэрту, а таксама лекцыі, выставы і ўлёткі да 100-годзьдзя БНР. На ўсё трэба 20 тысяч рублёў, на момант публікацыі сабрана крыху больш за палову. Таксама прымаюцца іншыя ідэі па тым, як адзначыць сьвята, і прымаюцца заяўкі валянтэраў для канцэрту.

Таксама 2 сакавіка быў абвешчаны тэрміновы збор сродкаў на мэмарыяльную дошку да 100-годзьдзя БНР: улады далі дазвол на ўстаноўку мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, ды старая дошка, вырабленая 25 год таму, была не ў найлепшым стане. Неабходныя для ўсталяваньня новай дошкі 6 тысяч рублёў сабралі за тры гадзіны.

Летась на Дзень Волі былі сотні затрыманых, шэсьце незаконна «недазабаранілі»

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.

Your browser doesn’t support HTML5

Жорсткія кадры затрыманьняў і зьбіцьця на Дні Волі

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Усё пра гісторыю БНР і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на Радыё Свабода >>

Падарожжа ў БНР на Радыё Свабода >>