«Рэгнумаўцы» ў судзе: «Дыктатура перасьледуе нас па палітычных меркаваньнях»

Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Менск, 18 сьнежня 2017 году

Другі дзень суду за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Пра што казалі «рэгнумаўцы».

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс у справе аўтараў інтэрнэт-рэсурсу Regnum. Трох грамадзянаў Беларусі вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

На лаве падсудных — Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Яны ўжо адбылі год у СІЗА КДБ. Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі.

Судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень другі

Радыё Свабода склала падборку выказваньняў падсудных падчас допытаў на другі дзень працэсу.

Алімкін: «Гэта ня суд, а непрыхаваны перасьлед за палітычныя меркаваньні»

Дзьмітры Алімкін, інжынэр-мэханік, эканаміст-мэнэджар, у мэдыя ніколі не працаваў.

Паводле Алімкіна, ягоныя матэрыялы падпісвалі іншымі прозьвішчамі, у тым ліку Ала Бронь. На гэтым настойваў рэдактар Юры Баранчык. Сваіх тэкстаў ня змог бы надрукаваць у Беларусі, бо беларускія мэдыя «пра такое ня пішуць».

Дзьмітры Алімкін на судзе

«Я хацеў данесьці да аўдыторыі пэўныя думкі. Асноўная тэматыка была пра тое, што ў Беларусі адбываецца нешта дрэннае, а расейцы гэтага не заўважаюць. Што? Распальваньне нацыяналізму — у чым мяне цяпер абвінавачваюць.

Рыхтаваў тэксты пра сытуацыю ў Беларусі і адпраўляў Юрыю Баранчыку, рэдактару Regnum. Зь ім асабіста ніколі не сустракаўся. Ведаю пра Regnum, што гэта зарэгістраваны фэдэральны СМІ. Кантактавалі праз электронную пошту і скайп».

Дзьмітры Алімкін распавёў, што ягоныя тэксты рэдагавалі, але збольшага не скажалі:

«Мае артыкулы — проста мае меркаваньні. Хочаце чытайце, хочаце — не. Гэтак весьці дыскусію немагчыма, калі другі бок далучае рэсурсы дзяржавы, замест таго каб весьці дыскусію.

Тое, што ў Беларусі ёсьць русафобы, — не навіна. Навіна ў тым, што русафобаў у Беларусі стала падтрымліваць дзяржава. Пра гэта я і пісаў. Што пацьвярджае і нашае знаходжаньне тут. Уся гэтая справа ёсьць перасьледам за палітычныя меркаваньні. Гэта робіць улада, а больш жорстка — дыктатура», — падсумаваў Алімкін.

Паўлавец: «Было жаданьне прадухіліць канфлікт паміж беларусамі і расейцамі»

Юры Паўлавец, гісторык, выкладчык, распрацоўнік ідэалёгіі беларускай дзяржавы.

Юры Паўлавец у судзе

Апавёў, што ў 2010 годзе на канфэрэнцыі ў Менску пазнаёміўся з Юрыем Баранчыкам. Тады ж пад псэўданімам «Николай Радов» упершыню надрукаваўся на «Рэгнуме». Ганарар — 50 даляраў за кожны артыкул.

«Мае артыкулы ня ёсьць артыкуламі, якія нешта сьцьвярджаюць і на нешта нацэльваюць. Гэта мой аналіз таго, што адбываецца, бо я гісторык і валодаю пэўнай мэтадалёгіяй. Не магу зразумець, чаму мая крытыка дзяржаўнай палітыкі тлумачыцца як зьнявага беларускага народу.

У 2014 годзе ў Беларусі забаранілі насіць георгіеўскія стужкі. Ці гэта ня праўда? Праўда. Так, я пішу, што інтарэсы беларускай апазыцыі і ўлады супалі».

Паўлавец сьцьвярджае, што ня меў намеру распальваць міжнацыянальную варожасьць і не прыніжаў беларусаў.

«Абвінавачваць у гэтым гісторыка і палітоляга — глупства. Насамрэч было нестрыманае жаданьне прадухіліць пагаршэньне адносінаў паміж беларусамі і расейцамі. [...] Мяркую, называць беларусаў штучна сфармаванай нацыяй бессэнсоўна, бо яны яшчэ фармуюцца як нацыя, калі цытаваць Уладзімера Макея. І я не лічу беларускую мову мёртвай. Прыніжэньне значнасьці беларускай мовы, якое мне прыпісваюць, гэта трызьненьне», — перакананы Паўлавец.

Шыптэнка: «Нас хочуць прадставіць дзікунамі, якія ня могуць абмяркоўваць праблемы»

Сяргей Шыптэнка, выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі.

Сяргей Шыптэнка на судзе

Ён лічыць, што справа супраць яго і ягоных калегаў адпачатку «палітычна матываваная», і ўказвае на «сымптаматыку нашага грамадзтва».

«Нам прапануюць выказацца, што я думаю адносна таго, што я не вярблюд. З нас хочуць зрабіць агмень крамлёўскай прапаганды, але ня могуць гэтага абгрунтаваць. Дзяржаўныя прапагандысцкія тэлеканалы ў сваіх рэпартажах зьневажалі нас, а суд ня можа нас ад гэтага абараніць.

Пры гэтым арганізатары працэсу застаюцца ў цені — яны хочуць прадставіць нашае беларускае грамадзтва дзікунамі, якія ня могуць на нармальных дыскусійных пляцоўках абмяркоўваць набалелыя праблемы. З майго боку была толькі рэалізацыя свабоды слова, якая гарантуецца Канстытуцыяй Беларусі».

Падсудны параўнаў цяперашнюю справу са «справай патрыётаў»: падобным чынам у кватэру ўварваліся шмат сілавікоў са зброяй.

«Магчыма, згадваньне пэўных фактаў і прозьвішчаў падзейнічала — нас ды нашыя сем’і вырашылі пакараць. Маўляў, паглядзіце, як мы можам з вамі зрабіць. Можам, як зь „Белым легіёнам“, а можам неяк інакш...

Я цягам 20 гадоў усё рабіў для аднаўленьня сувязяў народаў Расеі і Беларусі, за інтэграцыю, а тут раптам сеў і падумаў: „А што б мне зрабіць, каб распаліць варожасьць?“. І прыдумаў. Прынамсі гэтак абвінавачваюць».

Шыптэнка не прызнае таксама віны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці (у гэтым жа абвінавачваюць і Алімкіна). Паводле яго, усе ганарары ды іншыя прыбыткі ён траціў на часопіс «Новая эканоміка», які рэдагаваў.