Івашын: У турме на Акрэсьціна не давалі вады, катавалі

Дзяніс Івашын

Журналіст Дзяніс Івашын быў уражаны, як міліцыянты пасьля разнону акцыі на Дзень волі на смартфон здымалі чужыя пратакол, а потым перапісвалі пад капірку. Па выхадзе з турмы на Акрэсціна Івашын падзяліўся сваім турэмным і судовым досьведам.

Гарадзенскага журналіста, рэдактара беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніса Івашына 30 сакавіка выпусьцілі на волю. Ён быў затрыманы ў Менску на Дзень Волі ў раёне плошчы Якуба Коласа, але ў пратаколе было пазначана, што на вуліцы Пятруся Броўкі.

Суд адбыўся 27 сакавіка — судзьдзя Фрунзэнскага суду Яўген Пісарэвіч вынес рашэньне: 5 сутак арышту.

«Закінулі даволі груба ў аўтазак, я пасьпеў патэлефанаваць сваёй дзяўчыне. Прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. Пратрымалі больш за 3 гадзіны ва ўнутраным дворыку тварам да сьцяны на расьцяжцы; калі не падабалася міліцыянтам, як стаіш, моцна білі па нагах. Усяго ў гэтым пастарунку было звыш 80 чалавек. Уразіла тое, што міліцыянты фатаграфавалі на смартфоны адзін пратакол і потым зь яго перапісвалі, як пад капірку, паказаньні. Было зусім не зразумела, на падставе чаго выпускалі адных людзей, а другіх садзілі на суткі, трэціх штрафавалі. Наконт мяне доўга раіліся, бо я настойваў, што журналіст і знаходзіўся на працы. Мне ўдалося выпрасіць у міліцыянта копію пратаколу, бо я адмаўляўся яго падпісваць.

А на судзе высьветлілася, што ў справе падшыты зусім іншы пратакол, ужо паводле маіх праўдзівых паказаньняў. А першага пратаколу наагул няма. Мы зладзілі ў судзе цэлы спэктакаль, разам з адвакатам дапытваліся ў сьведкаў-міліцыянтаў, дзе канкрэтна мяне затрымалі, бо ў пратаколах былі іншыя месцы, іншы час затрыманьня. Судзьдзя на нашае патрабаваньне зрабіў ксэракопію пратаколу, што быў у мяне, нэрваваўся. Але вынік — 5 сутак арышту.

У турме не давалі вады, катавалі

На Акрэсьціна абыходзіліся з усімі вельмі жорстка, як з тэрарыстамі альбо рэцыдывістамі. Мне здаецца, проста паступіла каманда зьверху катаваць людзей. Не давалі асадкі, каб мы маглі напісаць скаргі. Не давалі магчымасьці азнаёміцца з правіламі ўнутранага распарадку. Не давалі вады. Хлопец з АГП па прозьвішчы Кавалгін красоўку прымацаваў да званка, і той званіў несупынна. Дык яго закавалі ў кайданкі і вывелі ўначы на вуліцу ў адной кашулі. Ежу немагчыма было есьці, на цэлы дзень давалі грамаў 150 нейкага пойла, якое выдавалі за гарбату. Некаторыя сядзяць ня першы раз, ужо не зьдзіўляюцца, а я быў вельмі ўражаны — хопіць на некалькі матэрыялаў. Дзякуй Богу, што ў фотаапараце нічога не выдалілі, усе здымкі захаваліся. Так што цяпер буду адпісвацца».

Дзяніс Івашын распавёў, што на Акрэсьціна шмат людзей трымаюць галадоўку. Валянцін Корзьнікаў яшчэ ў залі суду абʼявіў галадоўку, яму вельмі дрэнна, трэба чалавека ратаваць. Галадаюць актывіст Максім Вінярскі, журналіст Алесь Баразенка.