Dzieciuki зьнялі ролік у знак салідарнасьці з абаронцамі Курапатаў. Відэа

Удзельнікі гурту чытаюць верш слонімскага паэта Рудольфа Пастухова, які выхоўваўся ў ГУЛАГу.

«Ідэя зьняць гэты ролік зьявілася ў знак салідарнасьці з тымі хлопцамі, што баранілі памяць Курапат, не даючы распачаць забудову на ахоўнай тэрыторыі мэмарыяла, але пакуль усё арганізавалі, будоўля спынілася, хлопцы зьвярнулі свой лягер. І запіс нібыта стаў не актуальны, але ж на жаль падзеі апошніх месяцаў сьведчаць, што актуальнасьць гэтых радкоў будзе яшчэ доўга і шмат каму патрэбна будзе наша салідарнасьць...» — піша гурт на сваёй старонцы на Facebook.

Верш, які гучыць у відэароліку, напісаў Рудольф Пастухоў. Ён нарадзіўся ў 1936 годзе, а ўжо ў 1937-м яго бацькоў расстралялі, — пішуць на старонцы гурту. Пастухоў выхоўваўся ў ГУЛАГу, а ў 1970-м вярнуўся ў Слонім. Памёр у 1997 годзе. Напісаны па-расейску верш гучыць у перакладзе на беларускую мову слонімскага паэта Івана Сяргейчыка.

Курапацкая варта. 15 дзён абароны ў фота

У лютым-сакавіку 2017 году грамадзкасьць пратэставала супраць пабудовы бізнэс-цэнтру ў Курапатах — месцы масавага пахаваньня ахвяраў камуністычных рэпрэсій. У выніку забудоўшчыкі адмовіліся ад сваіх плянаў. Некаторыя з актыўных абаронцаў Курапатаў атрымалі пазьней «суткі» і штрафы.