Дзьве ўкраінскія цэрквы пачынаюць аб’яднаньне

Кіраўнік УПЦ Кіеўскага патрыярхату патрыярх Філарэт

За аб’яднаньне ў памесную царкву выступілі Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква і Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату.

Перамовы наконт аб’яднаньня цэрквы гатовыя пачаць ужо пасьля Вялікадня, паведаміў украінскі тэлеканал «1+1».

Канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей у размове з украінскімі герархамі нядаўна заявіў, што верыць у аб’яднаньне ўкраінскай царквы ў адзіную памесную і нават гатовы даць ёй статус аўтакефаліі:

«Я цьвёрда веру, што ўкраінскія цэрквы аб’яднаюцца, і Ўкраіна ў найбліжэйшай будучыні будзе мець адзіную памесную царкву».

Украінскае праваслаўе цяпер падзеленае на тры часткі: Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква. Апошняя значная меншая за першыя дзьве.

Аўтакефальная царква нядаўна страціла прадстаяцеля — памёр мітрапаліт Мяфодзій. Напярэдадні Вялікадня месцаахоўнік УАПЦ Макарый заявіў, што іх царква хоча пачаць працэс аб’яднаньня з УПЦ Кіеўскага патрыярхату:

«Ня трэба марнаваць ні аднаго дня. Трэба сустракацца, размаўляць і рабіць рэальныя крокі. Я гатовы да аб’яднаньня цэркваў. Таму што разумею, што гэта трэба Ўкраіне».

«Калі яны сур’ёзна хочуць аб’ядноўвацца — давайце аб’ядноўвацца, пачынаць дыялёг, прадметна гаварыць пра аб’яднаньне. Таму мы чакаем іх», — падкрэсьліў у адказ кіраўнік УПЦ КП патрыярх Філарэт.

Пра далучэньне УПЦ Маскоўскага патрыярхату да адзінай царквы пакуль рэальнай размовы няма.