Як васьмігадовая Яна шукала беларускамоўных сяброў

Яна Івашчанка

Яна Івашчанка вучыцца ў менскай гімназіі нумар 6 з матэматычным ухілам. Ніхто зь яе аднаклясьнікаў не размаўляе па-беларуску.

Нягледзячы на тое, што ў Яны вельмі шмат сяброў, яна хоча пасябраваць яшчэ і зь беларускамоўнымі дзеткамі. І папрасіла бацьку знайсьці ёй такіх у Менску.

Your browser doesn’t support HTML5

Яна Івашчанка шукае беларускамоўных сяброў



Зь Янай Івашчанкай мы сустрэліся ў цэнтры Менску, калі яна ішла на заняткі ў фальклёрны ансамбаль «Жарт»:

«Я па-беларуску размаўляю з татам. Зь сябрамі — не, таму што ў мяне няма беларускамоўных сяброў. Усе вакол размаўляюць на расейскай мове. Нават калі я прашу іх пагаварыць па-беларуску, яны не адгукаюцца. Я б хацела мець сяброў, якія любяць размаўляць на беларускай мове. Мае сябры вельмі кепска ведаюць мову і таму не размаўляюць».


Яна сказала, што вельмі чакае паходу ў госьці да беларускамоўнай дзяўчынкі, якая знайшлася праз «Livejournal», і верыць, што новае сяброўства толькі падмацуецца агульнай мовай камунікацыі.

Анатоль Івашчанка



Тата Яны Анатоль Івашчанка кажа, што праблема адсутнасьці беларускамоўных асяродкаў найбольш актуальная для дзяцей ва ўзросьце да 10 гадоў — фактычна па-беларуску яны могуць гаварыць толькі ў сем’ях.

«Любы чалавек ведае, што ніхто ў нас па-беларуску ў школах не размаўляе. Магчыма, за вельмі-вельмі маленькім выняткам. Праблема ў тым, што дзеці ва ўзросьце да 10 год, як, напрыклад, мая дачка, маюць вельмі мала магчымасьцяў самастойна знайсьці кола аднагодкаў, якія б размаўлялі па-беларуску. Яна зь дзяцінства размаўляла па-беларуску, яе першымі словамі былі „тата“ і „аловак“, але беларуская мова для яе так і засталася, па-сутнасьці, моваю таты. Можа нават не зусім моваю сям’і, таму што бабулі-дзядулі і цёткі-дзядзькі ў нас расейскамоўныя. Але мне ня хочацца, каб мая дачка ўспрымала беларускую мову як нейкую сэктанцкую рэч. Мне б хацелася, каб яна бачыла, што ёсьць яшчэ дзеці, якія вольна размаўляюць па-беларуску», — кажа Анатоль Івашчанка.


Каб дапамагчы сваёй дачушцы, Анатоль зьвярнуўся да грамадзкасьці праз сацыяльную сетку «Livejournal», дзе прапанаваў бацькам іншых беларускамоўных дзетак паспрыяць пашырэньню кола сяброў Яны.

«Яне 8 год, і яна ня ведае ніводнага беларускамоўнага дзіцёнка. Яна гаворыць, што толькі аднойчы сустракала беларускамоўнае дзіця. Гэта было ў часе вакацыяў: па суседзтве з бабульчыным домам пасялілася на лета маці зь дзьвюма дзяўчатамі. Янка прыбегла да мяне і радасна паведаміла:

„Тата, я пазнаёмілася зь дзяўчынкай, якая размаўляе на беларускай мове“. Мне, вядома, стала цікава. Выявілася, што гэта маці зь вёскі з-пад Барысава, і старэйшая дачка проста гаворыць з дужа выразным акцэнтам (не хачу казаць слова трасянка)», — гэта з допісу на старонцы Анатоля Івашчанкі ў сацыяльнай сетцы.


Пасьля публікацыі допісу зьявілася з два дзясяткі прапановаў, частка якіх зводзіцца да суполкі беларускамоўных сем’яў на партале «Нашы дзеткі», а таксама некалькі прыватных «запрашэньняў сябраваць» з анкетамі патэнцыйных сяброў Яны.

«Грамадзкасьць адгукнулася, нам напісалі людзі ня толькі зь Беларусі. Ужо цяпер мы лістуемся зь людзьмі зь Нямеччыны і зь Вялікабрытаніі, дзе ёсьць беларускамоўныя дзеткі. Днямі ідзем у госьці тут ў Менску да адной беларускамоўнай дзяўчынкі. І хоць у Яны вельмі шмат сяброў, і яна вельмі актыўная дзяўчынка, але такім чынам, я думаю, мы знойдзем сяброў яшчэ і па моўнай прыкмеце», — цешыцца тата Яны Івашчанкі.
Цікавасьць да роднай мовы ў Яны абсалютна ўнутраная. Яе тата адзначае, што ніколі не размаўляў зь ёй пра беларускую мову як пра сродак адметнасьці ці змаганьня:

Для Яны беларуская мова была спосабам пазнаньня сьвету. Яна бачыць, што ў таты ёсьць сябры, якія размаўляюць па-беларуску, але ня бачыць, каб людзі вакол размаўлялі па-беларуску, распавядае бацька Яны:

«Калісьці мы езьдзілі ў грамадзкім транспарце, дык Яна там пачынала з кімсьці размаўляць па-беларуску і сачыла за рэакцыяй. Такія стасункі са сьветам для яе былі важныя. Рэакцыя як зазвычай была станоўчай, але ніхто ёй на гэтай мове не адказваў. Зразумела, што гэта было, з аднаго боку, цікава, а зь іншага — засмучала», — апавядае Анатоль Івашчанка.Цікавасьць да роднай мовы ў Яны абсалютна ўнутраная. Яе тата адзначае, што ніколі не размаўляў зь ёй пра беларускую мову як пра сродак адметнасьці ці змаганьня:

«Ніхто ніколі ня вёў зь ёй гутарак на тэму, што „мы змагары, і гэта нешта ад нас вымагае“. Але ў яе ёсьць нейкі пасыянарны зарадзік, які і вызначае яе стасункі зь беларускай мовай.


Я лічу, што бацькам трэба гуртавацца, найперш самім беларускамоўным сем’ям. Тое, што робяць суполкі кшталту „Нашы дзеткі“, — гэта добра, і ім ад мяне нізкі паклон. Падчас масавых сьвятаў, такіх як Ялінка ці Гуканьне вясны, вядома, дзеці могуць пазнаёміцца і займець шанец на далейшае сяброўства. У нас чамусьці так ня склалася, але мы пайшлі іншым шляхам».




Яна саліруе ва ўзорным фальклёрным ансамблі «Жарт», дзе разам зь іншымі дзяўчаткамі сьпявае беларускія народныя песьні. Аднак, калі сканчваюцца заняткі, і замаўкаюць завучаныя беларускія словы, яе партнэркі па ансамблі адразу «пераключаюцца» па расейскую мову. Яна ж чакае, калі яе забярэ з заняткаў тата, каб распавесьці пра свае дасягненьні. Па-беларуску.