Юрыст Сапелка абскардзіў закрытасьць працэсу над Эдуардам Пальчысам

Павал Сапелка

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка падаў у сакратарыят Менскага гарадзкога суду скаргу на закрытасьць працэсу над рэдактарам сайту 1863х.com Эдуардам Пальчысам, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

«Судовая ўлада — асобная галіна ўлады, і распарадак у будынку суду павінен вызначаць толькі суд. Правы ўсіх ахвотных прысутнічаць пры разглядзе справы Пальчыса былі парушаныя. Я пакінуў скаргу ў сакратарыяце, у кнізе заяваў і прапановаў. Цяпер рыхтую скаргі на дзеяньні аховы суду ў Вярхоўны Суд Беларусі і Міністэрства ўнутраных справаў», — паведаміў Сапелка.

Праваабаронцы адзначаюць, што задоўга да пачатку працэсу па справе Пальчыса былі зроблены беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі: пэрымэтар тэрыторыі суду ахоўваюць патрулі АМАП; на тэрыторыі знаходзяцца каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, шмат міліцыянтаў і ў памяшканьні суду; з розных ракурсаў вядзецца апэратыўная відэаздымка.

Пальчыса прывезьлі ў суд у суправаджэньні некалькіх аўтамабіляў аховы, каля брамы выставілі кінолягаў з аўчаркамі. Некаторы час у суд не пускалі нават адваката падсуднага Ганну Бахціну, патрабуючы, каб яна разам са сваім пасьведчаньнем прад’явіла яшчэ і позву ў суд, хоць гэтага не прадугледжана.

На працэс не пусьцілі прадстаўнікоў амбасады Швэцыі, хоць дыпляматы спрабавалі растлумачыць ахове, што толькі судзьдзя мае права абвясьціць пра рэжым слуханьняў.