У Менску прэзэнтавалі пераклад «Калевалы» — аднаго з самых вядомых эпасаў

Беларускамоўныя асобнікі «Калевалы»

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзэнтацыя беларускага перакладу вершаванага фінскага эпасу «Калевала». Твор перакладзены на 60 моваў сьвету, беларуская ў гэтым сьпісе стала 61-й.

У імпрэзе бралі ўдзел кіраўнікі амбасады Фінляндыі ў Літве і яе аддзяленьня ў Беларусі, Міністэрства культуры Беларусі, а таксама перакладчык, рэдактар і выдавец.

Адпаведны настрой на мерапрыемстве стварала фінская клясычная музыка ў выкананьні калектыву Bon voyage. На адмысловым стэндзе выкладзена перакладная беларуска-фінская літаратура, на пачэсным месцы — асобнікі беларускамоўнай «Калевалы». Кожная кніга — гэта важкі том у супэрвокладцы, больш за 600 старонак з рэпрадукцыямі вядомых працаў.

Адзін з галоўных герояў прэзэнтацыі — перакладчык Якуб Лапатка. У Фінляндыі жыве ад пачатку 1990-х, пераклаў на беларускую і расейскую мову два дзясяткі найменьняў дзіцячай, мастацкай, дакумэнтальнай літаратуры. Але ў размове са Свабодай прызнаецца: «Калевала» — галоўнае, што зроблена ў прафэсінай біяграфіі:

Перакладчык Якуб Лапатка

«Скажу наўпрост: гэта галоўная праца майго жыцьця. Па-першае, велізарны вершаваны аб’ём, па-другое, працаваў я без замовы і нават без спадзеву, што гэта калі-небудзь пабачыць сьвет. Ідэя некалі ўзьнікла паміж намі трыма — Зьмітром Коласам, Лявонам Баршчэўскім і мной. Можа, ня надта сур’ёзна, але я ўсё ж працаваў. І вось праз колькі гадоў сказаў: мальцы, ну вось вам пераклад. Толькі, кажу, я ўжо болей пальцам не варухну, шукайце самі, як выдаць. Лявон пагадзіўся: добра, давай я адрэдагую. І зрабіў, праўда, паўгода пакутаваў. А я, калі ўзяць чыста тэхнічна, рабіў пераклад 2,5 году. Толькі сам пераклад, бо да гэтага была падрыхтоўка — настройваўся, чытаў, спрабаваў. Пералапаціў вялізную колькасьць рознай навуковай літаратуры, хоць ні чорта яна мне не дапамагла. Праца, канечне, зроблена, калясальная, няма чаго саромецца».

Амбасадар Фінляндыі Хары Макі-Рэйніка

«Калевала» — нацыянальны эпас Фінляндыі, у аснове якога ляжаць карэла-фінскія народныя вершы і песьні, напачатку ХІХ стагодзьдзя сабраныя і апрацаваныя выбітным фінскім паэтам Эліясам Лёнрутам. Як удакладніў падчас свайго выступу амбасадар Фінляндыі Хары Макі-Рэйніка, сыстэматызацыя бясцэннай мудрасьці простых людзей заняла 7 гадоў, цягам якіх Лёнрут прайшоў не адну тысячу кілямэтраў па цяжкадаступных раёнах сваёй краіны. Першае выданьне «Калевалы» зьявілася ў 1835 годзе і стала крыніцай натхненьня для дзеячаў культуры ў розных частках плянэты: мастакоў, кампазытараў, пісьменьнікаў.

Госьці імпрэзы — Уладзімер Арлоў і Аляксандар Лукашук

Якуб Лапатка кажа, што доўга не адважваўся наблізіцца да гэтай глыбы, але ўрэшце сказаў сабе — хопіць баяцца:

«Я доўга сасьпяваў. Зрабіў адну руну, надрукаваў яе ў Сакрата Яновіча, царства яму нябеснае. Потым пачытаў і думаю: ну куды ты палез з гэтым перакладам? Такі дрэнны, што нікуды ня варты. І ў гэтай кнізе, магу сказаць, ён перароблены. Бо дагэтуль былі толькі спробы: паўтару, вельмі доўга настройваўся. Канечне, як кожны актор хоча пабыць Гамлетам, Атэлам ці яшчэ нейкім знакавым вобразам, так і перакладчык марыць перакласьці нешта эпахальнае — умоўна кажучы, „Адысэю“ ці „Іліяду“. А паколькі я займаўся фінскай літаратурай, іншага варыянту, як „Калевала“, і не было. Тым больш, я шмат разоў бываў у Карэліі: там нарадзілася сястра, былі ўсе мае браты. У дзяцінстве я нават ведаў карэльскую мову — праўда, потым забыўся, памятаў толькі мацюкі, якім мяне навучылі такія ж дзеці. Урэшце ўзяўся і нават давёў да канца. Агулам жа пераклаў і надрукаваў 20 кніжак, „Калевала“ — 21-я. Зь іх сем па-беларуску, астатнія па-расейску».

Кіраўнік беларускага адзьдзяленьня фінскай амбасады Лаўры Пулала чытае «Калевалу» ў арыгінале

Каб прадэманстраваць прыгажосьць «Калевалы», кіраўнік беларускага адзьдзяленьня фінскай амбасады Лаўры Пулала прадэклямаваў урывак адной з рунаў на мове арыгіналу. Як кажа рэдактар прэзэнтаванага выданьня Лявон Баршчэўскі, каштоўнасьць беларускай вэрсіі якраз у тым, што, адрозна ад шэрагу іншых перакладаў «Калевалы» на замежныя мовы, пераклад на беларускую зроблены непасрэдна зь фінскай, пакінуўшы ўсе тонкасьці арыгіналу, уключна з інтанацыяй і вобразным сьветам. З гэтымі адчуваньнямі згодзен і выдавец Зьміцер Колас:

Выдавец Зьміцер Колас

«Я хоць не фігурую як рэдактар, але як выдавец усё роўна чытаў і свае думкі выказваў. Таму абсалютна шчыра магу гэта ацаніць як твор, які вельмі добра кладзецца на беларускую мову. Тым больш, калі гэта робіць Якуб Лапатка, які добра ведае тамтэйшы побыт (а ў эпасе, як вядома, апісваецца менавіта народны побыт). Таму ён выдатна перадаў усе тонкасьці аповеду, і я вельмі ўсьцешаны, што нарэшце такая кніга выйшла. 7 гадоў мы гэтага чакалі пасьля перакладу, цэлых 7 гадоў шукалі магчымасьці такую кніжэнцыю выдаць — гэта ж колькі трэба грошай! Дзякуй амбасадзе, што справу ўрэшце адужылі. Пайшоў бы я шукаць спонсара: ну, хто я такі? Прыйшоў бы ў нейкую кампанію — ці мала ходзіць выдаўцоў? Тым больш „іпэшнік“. А яны ўсё арганізавалі. Праўда, перад гэтым не адно пакаленьне супрацоўнікаў фінскай амбасады абяцала, а Лаўры Пулала ўзяўся і арганізаваў. А адказная ў амбасадзе за тэхнічную частку Вольга Рызмакова ўсё гэта шырока раскруціла».

Міністар культуры Барыс Сьвятлоў гутарыць зь Якубам Лапаткам і Зьмітром Коласам

​Прадстаўнікі фінскай дыпмісіі ўдакладнілі, што свой унёсак у зьяўленьне беларускамоўнай «Калевалы» зрабілі дзевяць камэрцыйных кампаній, якія і дапамаглі з матэрыялізацыяй фінансаваёмістага праекту.

У сваю чаргу, спадар Колас усьцешаны, што воляй лёсу гэтаксама аказаўся далучаным да такой гістарычнай падзеі:

«Сапраўды, лёс склаўся так, што я хоць і монавыдавец — сам сабе выдавец у адной асобе, бо індывідуальны прадпрымальнік — тым ня меней, мне выпала выдаць шмат чаго ўнікальнага. Найперш, самы вялікі музычны твор — партытуру „Рагнеды“. Потым — „Вялікі слоўнік беларускай мовы“ на 230 тысяч зь лішкам словаў, няма ніводнага такога слоўніка, нават расейскай мовы. І вось нарэшце самы вялікі паэтычны твор на беларускай мове за ўсю гісторыю — „Калевала“. Такога вялікага па аб’ёме твору ў нас яшчэ не выдавалася».

Кніга ілюстраваная арыгінальнымі рэпрадукцыямі

Узорам дзяржаўнага і грамадзянскага партнэрства назваў рэалізацыю маштабнай задумы міністар культуры Барыс Сьвятлоў, а дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі запэўніў, што «Калевала» зойме пачэснае месца ў кніжнай установе.

Дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі з атрыманым асобнікам

Сам перакладчык Якуб Лапатка небеспадстаўна разьлічвае, што прыклад фінаў натхніць кагосьці зь беларускіх дасьледчыкаў, каб нарэшце сыстэматызаваць у нацыянальны збор найбагацейшую спадчыну беларускіх рунаў — паданьняў і мітаў. На гістарычным зломе менавіта «Калевала» сталася краевугольным каменем фінскай нацыянальнай сьвядомасці і адыграла бясцэнную ролю ў выбары накірунку разьвіцьця.

Выдавец, перакладычык і рэдактар ля кніжнага стэнду