Лукашэнка пахваліўся, нібыта зь яго ўдзелам раскрылі забойства

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

У час сустрэчы з прадстаўніком Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў 1 лютага Аляксандар Лукашэнка расказаў, як дапамог раскрыць крымінальную справу, піша БЕЛТА.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, «сёньня» ён атрымаў ад КДБ справаздачу ў крымінальнай справе аб забойстве жыхаркі Магілёўскай вобласьці некалькі гадоў таму. Да Лукашэнкі нібыта зьвяртаўся бацька забітай (раней ці таксама «сёньня», не ўдакладняецца), і прэзыдэнт загадаў аднавіць крымінальную справу.

«Прыйшоў і кажа: Аляксандар Рыгоравіч, ну ня можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэньне, і так, як сьледзтва правялі. Зваротаў такіх шмат, — распавядаў Лукашэнка пра зварот бацькі забітай. — Я папрасіў яго даслаць усе матэрыялы, якія ў яго на руках. Ён мне даслаў. Я сеў і сам за суткі вывучыў іх. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расьсьледаваць гэтую крымінальную справу».

Як расказаў Лукашэнка, «нягодніка» тут жа знайшлі ў Расеі і ўжо прывезьлі ў Менск, зноў распачалі крымінальную справу. Тых, хто вёў расьсьледаваньне раней, і тых, хто вынес апраўдальны прысуд, Лукашэнка паабяцаў «дастаць з-пад зямлі» і «спагнаць зь іх».

«Пры тым я кантраляваў увесь гэты працэс, — дадаў Лукашэнка. — І высьветлілася, што ён забойца. А яго фактычна апраўдалі [...] Ён прызнаўся, паказаў, як і дзе забіваў».

Спачатку Лукашэнка кажа, што людзей ужо затрымалі, потым пачынаюцца затрыманьні

Гэта ня першы выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка расказвае пра крымінальныя справы. Але здараліся нестыкоўкі ў часе.

Так, у «справе патрыётаў» спачатку Лукашэнка заявіў пра «затрыманьне дзясяткаў баевікоў» і выкрыцьцё «лягераў баевікоў» у Беларусі і за мяжой, і толькі пасьля заявы Лукашэнкі людзей пачалі затрымліваць. Але справа аказалася фэйкавай, затрыманых вызвалілі.

Падобнае было са справай ашмянскіх мытнікаў. Cпачатку Лукашэнка заявіў пра выяўленьне злачынцаў, потым пачаліся затрыманьні.