У 50 расейскіх спартоўцаў знойдзены мэльдоній

Фота: Ints Kalnins, Reuters

Згодна са справаздачай (PDF) Усясьветнай антыдопінгавай агенцыі (WADA), апублікаванай за некалькі дзён да магчымага прыняцьця рашэньня аб адхіленьні зборнай Расеі ад Алімпіяды ў Рыё, у 52 з 455 допінг-пробаў расейскіх атлетаў быў знойдзены допінг. Пры гэтым у 49 выпадках быў знойдзены мэльдоній, яшчэ ў адным — камбінацыя мэльдонія і туамінагептану.

Таксама азначаецца, што за згаданы пэрыяд у 73 выпадках не атрымалася правесьці тэст празь недасяжнасьць спартоўца, у 25 выпадках празь недакладную інфармацыю аб месцазнаходжаньні спартоўца, 22 разы праз адмову ў тэсьце, яшчэ 40 раз з розных неназваных прычынаў. 23 тэсты былі страчаныя.

Спартоўцы хаваліся ад тэстаў, у тым ліку за сьпінамі ФСБ, і літаральна ўцякалі ад праверак

Гэтыя лічбы называюцца ў справаздачы «значнай колькасьцю», адзначаецца нізкая частата абнаўленьняў зьвестак пра месцазнаходжаньне расейскіх спартоўцаў і недакладныя адрасы. Таксама як месцазнаходжаньне пазначаліся вайсковыя мястэчкі, у якіх для допінг-пробаў трэба мець адмысловы дазвол (ФСБ часам пагражала афіцэрам допінг-кантролю дэпартацыяй). Сьцьвярджаецца, што атлеты пазначалі сваё месцазнаходжаньне ў іх, нават калі там не знаходзіліся, каб пазьбегнуць тэстаў.

Шэраг расейскіх спартоўцаў здымаліся са спаборніцтваў, калі на іх прысутнічалі афіцэры допінг-службы, пры гэтым шасьцёра выступалі на чэмпіянаце па спартовай хадзе, хоць прадставілі афіцэрам іншае месцазнаходжаньне, адна лёгкаатлетка пакінула стадыён падчас гонкі.

Два раварысты год не былі на пазначаным месцазнаходжаньні, а затым завершылі кар’еру, ня здаўшы тэсты. Адзін цяжкаатлет прызначыў адну гадзіну на правядзеньне тэсту, але адсутнічаў 45 хвілінаў. Адзін біятляніст 35 раз праходзіў тэсты за 4 гады, але заўсёды ў трэніровачных лягерах, ні разу на спаборніцтвах ці дома. Адна лёгкаатлета мела ў сваім целе нейкі кантэйнэр — меркавана, з «чыстай» мачой — спрабавала яго выкінуць у сьметніцу, а таксама падкупіць афіцэраў.

Мэльдоній знаходзіцца ў сьпісе забароненых WADA прэпаратаў ад 1 студзеня 2016 года. Пасьля гэтага ён быў знойдзены ў пробах шэрагу вядомых расейскіх спартоўцаў, у тым ліку колішняй «першай ракеткі сьвету» Марыі Шарапавай. У сакавіку паведамлялася пра знаходжаньне мэльдонію ў 40 расейскіх спартоўцаў, у канцы траўня — у пяцёрых беларускіх весьляроў.

Таксама раней Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў прыгразіла санкцыямі супраць беларускіх спартоўцаў, калі яе прадпісаньні па барацьбе з допінгам і надалей будуць выконвацца гэткімі ж маруднымі тэмпамі.