МЗС Беларусі адрэагаваў на крытыку Паўла Клімкіна

Дзьмітры Мірончык

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Дзьмітры Мірончык сёньня пракаментаваў інтэрвію міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна, у якім кіраўнік замежнапалітычнага ведамства суседняй краіны выказаў шэраг думак пра беларуска-ўкраінскія дачыненьні.

Мірончык адразу сказаў, што пакуль ён толькі пасьпеў бегла прагледзець гэтае інтэрвію, а яго трэба вывучаць уважліва, паколькі міністар замежных спраў суседняй краіны закрануў шэраг праблем, зьвязаных зь Беларусьсю.

«Яно варта таго, каб дэталёва вывучыць. У ім закрануты шэраг праблем: гэта і Паўло Грыб, і вучэньні “Захад-2017”, і гэтак далей. На гэты момант я магу сказаць толькі наступнае, — заявіў Мірончык. – Першае: МЗС кожнай краіны абавязана клапаціцца пра бясьпеку сваіх грамадзян у іншых краінах. Напрыклад, дагэтуль дзейнічае папярэджаньне для грамадзян Беларусі ня ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах на тэрыторыі Ўкраіны. Што тычыцца Паўла Грыба, то на гэты момант усё, што зьвязана з гэтай гісторыяй, мы ведаем толькі са СМІ. У нас пакуль няма поўнай інфармацыі ў гэтым пытаньні. Калі яна будзе, будзе і працяг размовы, і тады будзем думаць, што рабіць далей».

«Мяне асабіста, — падкрэсьліў Мірончык, — закранула своеасаблівае стаўленьне кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны да разуменьня сувэрэнітэту. Асабліва цікава чытаць гэтыя разважаньні спадара Клімкіна на тле таго шоў, якое мы бачылі днямі ва Ўкраіне».