Ні працы, ні падаткаў, ні пэўнасьці

Ад пачатку сакавіка пераважная большасьць беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рэчавых рынках, спынілі працу — на знак пратэсту і ў надзеі, што ўлады хутка разьбяруцца зь невыканальнымі патрабаваньнямі ўказу № 222. Падаткаў прадпрымальнікі не заплацілі, але вымушаныя разьлічвацца за арэнду гандлёвых месцаў. Рэпартаж з Гомельскай вобласьці.

Сьветлагорск

Сьветлагорскія прадпрымальнікі, якіх у горадзе блізу дзьвюх тысяч, трымаюць паўзу. Працуе толькі каля 5 адсоткаў гандляроў, якія маюць суправаджальныя дакумэнты на тавары. Астатнія ад нядзелі не адчынялі свае шапікі і ня сплачвалі падаткі.

5 сакавіка дробныя бізнэсоўцы з розных гандлёвых цэнтраў сабраліся на рынку «Першамайскі», каб абмеркаваць сытуацыю.

Гаворыць кіраўнік рады прадпрымальнікаў Сьветлагорску Анатоль Зьмітровіч:

«Дакумэнтаў афіцыйных пакуль няма, таму працаваць прадпрымальнікі ня будуць. Каб паскорыць працэс, вырашылі схадзіць у райвыканкам і даведацца, як падаць заяўку на мітынг і пікет — на прадмет: чаму прадпрымальнікі, якія хочуць плаціць падатак, ня могуць працаваць?»

Да гэтага на сумесным сходзе сьветлагорцы прапанавалі калегам стварыць Рэспубліканскі штаб кантролю сытуацыі ў прадпрымальніцкім асяродку і ўдзелу яго чальцоў у распрацоўцы адпаведных заканадаўчых актаў. Пры гэтым яны прапанавалі Адміністрацыі прэзыдэнта адхіліць ад удзелу ў падрыхтоўцы новай вэрсіі ўказу № 222 чыноўнікаў, якія засьведчылі сваю некампэтэнтнасьць.

Пратакол сходу прадпрымальнікі даставілі ў райвыканкам.

Рэчыца

Дробныя бізнэсоўцы Рэчыцы зладзілі два дні таму калектыўны паход у мясцовы райвыканкам, дзе мелі сустрэчу зь першым намесьнікам старшыні Сяргеем Ярцам і намесьніцай начальніка раённай інспэкцыі па падатках і зборах Вольгай Казьленкай.

Пра вынік сустрэчы апавядае актывіст прадпрымальніцкага руху Алег Шабетнік:

«Мы патрабавалі, каб райвыканкам заступіўся за рэчыцкіх прадпрымальнікаў і зьвярнуўся ва ўрад наконт хутчэйшага вырашэньня ўзьніклай сытуацыі. Яны запэўнівалі, што сытуацыя на кантролі і літаральна ў бліжэйшыя дні будзе новая рэдакцыя ўказу, а ўказ № 222 адменяць. Раілі працаваць па-старому і не баяцца. Карацей, жыць „па паняцьці“. Але людзі ўсё адно баяцца, бо ўказ можа быць прыняты задняй датай і сумы даплаты на ўнесены падатак будуць несувымернымі».

Калі ніякіх афіцыйных дакумэнтаў на гэтым тыдні ня будзе, прадпрымальнікі наважаныя тэлефанаваць сябрам і знаёмым і паехаць у Менск на плошчу

Суразмоўца кажа, што рэчыцкія прадпрымальнікі, за рэдкім выключэньнем, страйкуюць, на працу не выходзяць, хаця й цярпяць страты:

«Прадпрымальнікі стаяць, нясуць выдаткі, бо арэндную плату ў любым выпадку сплачваць трэба. Дый падаткі, калі яны нават унясуць пазьней, трэба будзе плаціць за месяц. Так што прастой фактычна на страту самім прадпрымальнікам. Спыняе страх страціць болей».

Пакуль дробныя гандляры абыходзяцца пасіўнымі акцыямі пратэсту. Але, па словах актывіста, наўрад ці такое будзе цягнуцца доўга:

«Калі ніякіх афіцыйных дакумэнтаў на гэтым тыдні ня будзе, прадпрымальнікі наважаныя тэлефанаваць сябрам і знаёмым і паехаць у Менск на плошчу».

Гомель

Большасьць індывідуальных прадпрымальнікаў на буйнейшых рынках абласнога цэнтру таксама прастойваюць — на Цэнтральным рынку, Давыдаўскім, Прудкоўскім.

Кіраўніца рады прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру «Сакрэт» Натальля Дасько паведаміла, што прадпрымальнікі абмяжоўваюцца цяпер стыхійнымі сходамі каля сваіх зачыненых ралетаў ды паходамі ў мясцовыя органы ўлады:

«Усё на нэрвах, прыходзяць да сваіх зачыненых шапікаў і скардзяцца. Выказваюцца, што ўказу няма — і няма, адпаведна, гарантыі, што ўсё спраўдзіцца, што нас не падмануць. Ініцыятыўная група сама занесла ў аблвыканкам зварот да выканкаму і Міністэрства гандлю, каб таксама дамагаліся адмены ўказу № 222. Пазаўчора хадзілі ў абласную падатковую інспэкцыю, дык там кажуць: «Працуйце — ніхто вас чапаць ня будзе».

Але, навучаныя горкім вопытам, прадпрымальнікі не рызыкуюць без афіцыйнага дазволу аднаўляць працу і працягваць на ранейшых умовах рэалізоўваць рэшткі тавараў, набытых летась без дакумэнтаў.

Спадарыня Алена з Цэнтральнага рынку характарызуе цяперашнюю сытуацыю з прадпрымальнікамі як патавую:

«Сытуацыя рэальна патавая. Мы губляем пакупнікоў, працоўныя месцы. Мы застаёмся на вуліцы — гэта наша жыцьцё».