«Калі актывістаў не дапускаюць лічыць галасы, няма чаго рабіць на выбарах і дэмакратычным кандыдатам»

Уладзімер Сякерка, архіўнае фота

Толькі дванаццаць з больш як паўтары сотні вылучэнцаў дэмакратычных партыяў уключаныя на Гомельшчыне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

«У Сьветлагорску райвыканкам наагул не разглядаў нашых 24 вылучэнцаў, — кажа рэгіянальны актывіст Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка. — Заказны ліст па сыстэме «Камфорт» са сьпісам нашых вылучэнцаў у райвыканкаме прынялі пасьля фармаваньня ўчастковых камісіяў — на сёмы дзень з моманту адпраўкі. Лічу, што была змова чыноўнікаў з адказнымі супрацоўнікамі пошты».

Па словах актывіста, паслуга сачэньня за паштовымі адпраўленьнямі паказвае, што паштальён своечасова хацеў уручыць дакумэнты райвыканкаму, але чамусьці ў працоўны дзень чыноўнікаў не аказалася на месцы.

Таму абласны камітэт партыі левых «Справядлівы сьвет» падаў заяву ў суд, каб дасканала разабрацца ў сытуацыі з ігнараваньнем сваіх вылучэнцаў у Сьветлагорску падчас падрыхтоўкі да фармаваньня нізавых выбарчых камісіяў.

Уладзімер Кацора і Васіль Палякоў, архіўнае фота

«Стаўленьне ўладаў да вылучэнцаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі не найлепшае, — лічыць намесьнік старшыні АГП, гамяльчук Васіль Палякоў. — У рэгіёне мы вылучалі ва ўчастковыя камісіі шэсьцьдзесят сваіх прадстаўнікоў. Прапусьцілі толькі трох. Выглядае, улады ня хочуць дапускаць апазыцыянэраў да падліку галасоў выбарцаў».

Патэнцыйны кандыдат ад АГП па Гомельскай-Сяльмашаўскай выбарчай акрузе №32 Уладзімер Кацора прапанаваў на кожны выбарчы ўчастак свайго прадстаўніка. Трыццаць чатыры выбарчыя ўчасткі — 34 вылучэнцы.

Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Гомеля дапусьціла на ўчастак толькі аднаго прадстаўніка АГП. Астатнія 33 участкі ў акрузе застаюцца без кантролю прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў.

Кацора асабіста прысутнічаў на паседжаньні райадміністрацыі, калі фармаваўся пэрсанальны склад участковых камісіяў:

«Напярэдадні мне тэлефанавалі з арганізацыйнага аддзелу Чыгуначнай адміністрацыі, запрасілі на паседжаньне. Я пажартаваў: маўляў, навошта, бо вынік загадзя вядомы. На іншым канцы дроту адказалі: «Прыходзьце, чым чорт не жартуе!» Відаць, сапраўды трэба, каб чорт умяшаўся. Можа, у такім разе сытуацыя з выбарамі ў краіне зьменіцца!»

Актывіст АГП адзначае, што гэтым разам чыноўнікі сталі абмяркоўваць дзелавыя якасьці кандыдатаў, прапанаваных у склад выбаркамаў.

«Апрача азначэньняў пра актыўную жыцьцёвую пазыцыю, — кажа Ўладзімер Кацора, — гучалі й менш трывіяльныя характарыстыкі, кшталту «дэлегат Усебеларускага сходу», «ня лічыцца з асабістым часам», «актыўна займаецца спортам».

Наступным тэстам для ўлады, на думку партыйнага актывіста, будзе рэгістрацыя кандыдатаў, а пасьля — перадвыбарчая агітацыя. І ўжо каманда патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты будзе вырашаць, ці застанецца прозьвішча Кацоры ў выбарчых бюлетэнях.

«Калі дэмакратычных актывістаў не дапускаюць да падліку галасоў, то няма чаго рабіць на такіх выбарах і дэмакратычным кандыдатам», — лічыць Уладзімер Кацора.