Пацыенты закрытага аддзяленьня магілёўскага тубдыспансэра скардзяцца на парушэньне сваіх правоў

Уваход у Магілёўскі дыспансэр

Хворыя, якія знаходзяцца пад вартай у закрытым аддзяленьні Магілёўскага тубдыспансэра, заявілі карэспандэнту Свабоды, што адміністрацыя лякарні парушае іхныя правы.

Усяго тут знаходзіцца 57 сухотнікаў з актыўнай і неактыўнай фазай хваробы.

Хворыя, зь якімі ўдалося пагутарыць, кажуць, што іх накіравалі ў лячэбную ўстанову рашэньнем суду, зь якім яны не знаёміліся. У аддзяленьні, паводле іх, пацыенты зь неактыўнай фазай хваробы ўтрымліваюцца разам зь невылечна хворымі сухотнікамі.

Пацыент: «Мы нібыта на парахавой бочцы»

Пра канфліктную сытуацыю ў аддзяленьні Свабодзе паведаміў адзін з пацыентаў, які назваўся Сяргеем Андрэйчуком, 36-гадовым жыхаром Горак. Ён заявіў, што яго ўтрымліваюць у лякарні беспадстаўна, бо ён не настолькі хворы, каб уяўляць небясьпеку для грамадзтва. Ягоная хвароба не ў актыўнай фазе. Прэпаратамі, якія яму прызначалі, ён мог бы лячыцца і дома. У закрытае аддзяленьне яго перавялі зь іншага аддзяленьня лякарні нібыта за парушэньне рэжыму лячэньня. Ён кажа, што пастановы суду ён ня бачыў і не расьпісваўся, што яго знаёмілі зь ёю.

Сяргей Андрэйчук (зьлева)

«90 працэнтаў тых, хто знаходзіцца тут, судовых пастановаў аб прымусовым лячэньні ў вочы ня бачылі, — цьвердзіць Сяргей. — У пастановах ня будзе ніводнага росьпісу, што асуджаны зь імі азнаёмлены. Нам не далі магчымасьці абскардзіць рашэньне суду. Калі выносілі пастановы, то яны былі таемныя. Быў вытрыманы тэрмін на абскарджаньне, а потым прыходзілі зь міліцыяй і дастаўлялі нас у „турму“ на тэрыторыі дыспансэру».

Паводле суразмоўцы, у адным будынку ўтрымліваюцца хворыя і зь неактыўнай формай хваробы, і з «паліятыўнымі сухотамі» (маецца на ўвазе цяжкая форма хваробы, пры якой прызначаецца так званае паліятыўнае лячэньне. — РС). А ад іх хвароба можа перадавацца тым, у каго сухоты ў неактыўнай фазе. Такія хворыя, кажа ён, выдзяляюць мільёны мікабактэрыяў.

«Так, у іх асобныя палаты, але мы зь імі штодня сутыкаемся. Мы разам зь імі карыстаемся агульным душам, прыбіральняй, курылкай, кухоннай плітой, у нас адзін агульны пакой для спатканьняў. Мы жывём нібы на бомбе, бо „паліятыў“ невылечны. Я ня ведаю, чаму нас разам утрымліваюць. Можа і сьвядома. Знаходзіцца разам з хворымі на паліятыўныя сухоты — гэта раўназначна сьмяротнаму прысуду», — казаў з закратаванага вакна на другім паверсе Сяргей Андрэйчук.

«Турма» на тэрыторыі дыспансэра для сухотнікаў

«Дамагчыся справядлівасьці мы ня можам, бо ўсё блякуецца на ўзроўні бальніцы, — казаў ён далей. — Большасьць хворых не разьбіраюцца ў праве і ня ведаюць, да каго зьвяртацца. Я таксама ня ведаю сваіх правоў, але я ведаю, што мы ня быдла і што з нам нельга так абыходзіцца. Я напісаў скаргу і зьбіраюся яе паслаць кіраўніцтву Міністэрства аховы здароўя».

Намесьнік галоўнага ўрача: «Хворых лечым, як таго патрабуе дыягназ і заканадаўства»

Намесьнік галоўнага ўрача дыспансэру Ўладзімер Бяляеў у гутарцы з журналістамі настойваў, што правы пацыентаў 9 аддзяленьня не парушаюцца. Адміністрацыя не перавышае сваіх абавязкаў і лечыць, як таго патрабуе дыягназ хворага. Паводле суразмоўцы, усе 53 хворыя ў закрытым аддзяленьні заразныя.

«Ёсьць такі закон аб прымусовым лячэньні хворых на сухоты і СНІД. Сухоты аднесеныя да хваробаў, небясьпечных для атачэньня, — тлумачыў ён. — Хворыя, якіх утрымліваюць у 9 аддзяленьні, ня хочуць добраахвотна лячыцца. Заяўляюць, што яны здаровыя. Выносіцца рашэньне пракурора, каб такіх хворых абсьледавалі. Міліцыя прывозіць такога чалавека да нас. Пасьля дыягнаставаньня хваробы падаюцца дакумэнты ў суд, і калі чалавек ня хоча сам лячыцца, то выносіцца пастанова аб прымусовым лячэньні».

Пацыенты лякарні з закратаванага вакна шукаюць справядлівасьці

Паводле Бяляева, курс лячэньня можа расьцягнуцца на два гады. У закрытым аддзяленьні ў асноўным утрымліваюцца асобы асацыяльных паводзінаў. 70 працэнтаў пацыентаў прайшлі празь месцы пазбаўленьня волі.

Намесьнік галоўнага ўрача: «Была п’янка»

Пацыент аддзяленьня Сяргей Андрэйчук зьвярнуўся да журналістаў пасьля таго, як адміністрацыя дыспансэру вырашыла перавесьці групу асуджаных у іншую лякарню, што на Меншчыне. Аддзяленьне пачало пратэставаць. Выклікалі міліцыю.

Уладзімер Бяляеў сказаў, што на мінулым тыдні група пацыентаў парушыла рэжым знаходжаньня ў закрытым аддзяленьні лякарні. Асуджаныя расьпівалі алькаголь. Пасьля гэтага і пастанавілі перавесьці парушальнікаў у іншую мэдычную ўстанову.

«Гэтыя пацыенты арганізавалі грандыёзную п’янку. Іх было сем чалавек. Цяпер у адпачынку загадчык аддзяленьня, які раней працаваў у зоне, таму зэкаўскія звычкі ён ведаў і трымаў пацыентаў на кароткім павадку», — сказаў Бяляеў.

Паводле мэдыка, міліцыя паставілася да сытуацыі неадэкватна. Прыйшоў толькі ўчастковы, які не заходзіў у аддзяленьне, бо пабаяўся. На думку Бяляева, участковы ня выканаў сваіх абавязкаў. Не агледзеў пацыентаў на прадмет алькагольнага ап’яненьня, а толькі апытаў мэдсястру і сышоў.

Адзін з пацыентаў, якога "этапуюць" у іншую лякарню, тлумачыць свой погляд на сытуацыю

«У мяне была гутарка з дэпартамэнтам аховы наконт іхнай працы, — казаў мэдык. — Зь імі заключаная дамова дзеля падтрыманьня правапарадку ў 9 аддзяленьні. А яны толькі пахаджаюць па тэрыторыі і высочваюць п’яных. Належнага кантролю за закрытым аддзяленьнем няма».

Паводле Бяляева, падобныя інцыдэнты здараліся і раней. Аднойчы адміністрацыя, каб утаймаваць выпівох, выклікала АМАП. Сьпіртныя напоі перадаюць у закрытае аддзяленьне пацыенты зь іншых аддзяленьняў.

Паказаць журналістам, у якіх умовах лечацца пацыенты закрытага аддзяленьня, Уладзімер Бяляеў не пажадаў. Патлумачыў адмову небясьпекай для здароўя. Самі ж пацыенты настойвалі, каб журналістаў правялі ў аддзяленьне. Аргумэнтацыю мэдыка палічылі несур’ёзнай, бо наведнікам, казалі яны, прыходзіць не забаронена.

Адзін з тых, каго выпраўлялі на Меншчыну, прызнаў факт п’янкі. Патлумачыў яе тым, што стаміўся ад працяглага лячэньня і свавольства адміністрацыі.