Саборны мячэт адкрылі ў Менску. Пасьля 19 год будоўлі

Саборны мячэт урачыста адкрылі ў Менску. Сымбалічную стужку перарэзалі прэзыдэнты Беларусі і Турэччыны. Гэта першы саборны мячэт у сталіцы Беларусі. Ён будаваўся з 1997 году.

У Менску афіцыйна адкрыўся мячэт, які будавалі з 1997 году

Першы камень у падваліны саборнага мячэту быў закладзены ў 1997 годзе. Будоўля ня раз перапынялася. Толькі ў ліпені 2016 году будынак быў афіцыйна здадзены.

Адкрыцьцё мячэту — гістарычная падзея для мусульманаў краіны і ўсяго беларускага народу, лічыць старшыня Мусульманскага рэлігійнага абʼяднаньня ў Беларусі муфцій Абу-Бекір Шабановіч.

«Яна ў тым ліку стане сымбалем сяброўства беларускага і турэцкага народаў», — перадае словы Рэджэпа Таіпа Эрдагана БЕЛТА.

У залі мячэту можа зьмясьціцца больш за 1,5 тысячы вернікаў. На цокальным паверсе — заля на 250 месцаў для прэс-канфэрэнцыяў і адукацыйных праграмаў. Таксама тут — два санітарна-гігіенічныя блёкі, памяшканьні абмывацца перад малітвай, адміністрацыйныя кабінэты, бібліятэка для масавага карыстаньня.

Малітоўная заля падчас завяршэньня будаўніцтва ўлетку 2016 году

Першапачаткова будоўлю новага мячэту ў Менску фінансавала Саудаўская Арабія, на апошніх этапах — Упраўленьне па справах рэлігіі Турэцкай Рэспублікі.