Беларуская міліцыя ўзялася шукаць скрадзены біткойн

Ілюстрацыйнае фота

Як перадае «Советская Белоруссия», у сярэдзіне жніўня да супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Берасьця зьвярнуўся дырэктар менскай фірмы — справа тычылася крадзяжу віртуальных грошай у рэальным сьвеце.

Паводле першага намесьніка начальніка РАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага, мужчына ў 2011 годзе набыў 0,83 біткойна (тады за біткойн давалі каля 100 даляраў) і ў 2017-м хацеў прадаць іх за тры тысячы даляраў. Ён знайшоў пакупніка, сустрэўся зь ім у адной з кавярняў у Берасьці. Паводле дамовы мужчына перавёў пакупніку віртуальную валюту, але да пацьвярджэньня апэрацыі трэба было пачакаць некалькі гадзін — за гэты час пакупнік уцёк, так і не перадаўшы рэальныя грошы ў абмен на віртуальныя (якія віртуальным шляхам немагчыма вярнуць).

Міліцыя пакуль праводзіць праверку і шукае махляра. Гэта складана, бо з пацярпелым ён перапісваўся праз ананімны Telegram. Але калі дойдзе да крымінальнай справы, то гэта будзе першая ў гісторыі Беларусі крымінальная справа, зьвязаная з крадзяжом крыптавалюты.

Як кваліфікаваць такую справу, у міліцыі да канца ня ўпэўненыя, але бачаць у злачынстве прыкметы «завалоданьня маёмасьцю або набыцьця права на маёмасьць шляхам падману ці злоўжываньня даверам» (ч.1 арт. 209 КК РБ), за што могуць пасадзіць за краты на тэрмін да трох год.

На момант публікацыі крыптавалюты ў Беларусі не забароненыя, але і не дазволеныя да ўжываньня. Але неўзабаве іх могуць легалізаваць. У Расеі тым часам, наадварот, прапануецца крыміналізаваць ужываньне крыптавалютаў.