Партыі Пазьняка дазволілі мітынг у Менску адначасова з «Чарнобыльскім шляхам»

Мітынг КХП БНФ у Кіеўскім сквэры ў час «Чарнобыльскага шляху–2017»

Менгарвыканкам дазволіў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ мітынг 26 красавіка ад 18:00 да 20:30 у Кіеўскім сквэры ў Менску, піша БелаПАН.

Сяргей Папкоў, архіўнае фота

«Мы хочам завастрыць усе праблемы, зьвязаныя зь небясьпекамі будаўніцтва ў Беларусі новай атамнай электрастанцыі», — кажа намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў.

У той жа дзень і ў той жа час у Менску пройдзе «Чарнобыльскі шлях» ад будынку Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы ў Парку дружбы народаў. Акцыю ладзяць АГП, Партыя БНФ, БСДП(Г), БХД, «Зялёныя», рухі «За свабоду» і «Разам». Шэсьце і мітынг санкцыянаваныя ўладамі, але час правядзеньня ўлады скарацілі на гадзіну ў параўнаньні з заяўкай.

Ад капліцы да месца мітынгу КХП БНФ каля 800 мэтраў наўпрост, 1100 мэтраў вуліцамі.

За Чарнобыльскім шляхам будзе Астравецкі

КХП БНФ ня раз «канкуравала» з акцыямі іншых апазыцыйных партыяў, у тым ліку ў час леташняга «Чарнобыльскага шляху» (тады між акцыямі была «разьбежка» ў часе). На 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай народнай рэспублікі КХП БНФ ладзіла мітынг у Кіеўскім сквэры за дзень да «Сьвята незалежнасьці». У тым жа сквэры КХП БНФ ладзіла сьвяткаваньне Дня вайсковай славы. Але на заяўку на мітынг на леташні Дзень Волі ў Кіеўскім сквэры ўлады не далі адказу КХП БНФ — партыі давялося адмовіцца ад мерапрыемства.