Што ўяўляе сабой паралімпійская зборная, кіраўніцтва якой аскандалілася яшчэ да адʼезду ў Рыё?

Паралімпійская зборная Беларусі, архіўнае фота paralympic.by

6 верасьня ў Рыё-дэ-Жанэйра пачнуцца летнія паралімпійскія гульні. Атлеты, якія прадстаўляюць інваспорт, традыцыйна выходзяць на старты неўзабаве пасьля таго, як завяршаюць свае спаборніцтвы алімпійцы.

У пераліку дысцыплінаў — баскетбол, бокс, веласпорт, воднае пола, валейбол (клясычны і пляжны), гандбол, спартовая гімнастыка, акадэмічнае веславаньне, дзюдо, конны спорт, плаваньне, рэгбі, стральба (з агнястрэльнай зброі і з луку), тэніс (вялікі і настольны), цяжкая атлетыка, фэхтаваньне, футбол, хакей на траве. Беларусь пазмагаецца за ўзнагароды толькі ў асобных зь іх.

Напярэдадні стала вядома, што з прычыны шматлікіх допінгавых парушэньняў ад паралімпіяды ў поўным складзе адхілілі зборную Расеі. Расейскія функцыянэры выказаліся наконт гэтага досыць рэзка. А ці расчышчае дыскваліфікацыя адной з самых шматлікіх зборных дарогу для беларускіх атлетаў? Ці прасьцей будзе спаборнічаць, ня маючы моцных канкурэнтаў?

Вось што пра гэта мяркуе Марына Грыгаран, галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па інваспорце — яна адказвае ў краіне за паралімпійскія віды:

«Ведаеце, можа, дзесьці дарогу і расчышчае, але гэта нас абсалютна ня радуе. Таму што мы цудоўна разумеем, колькі тая ж Расея затраціла і фізычных, і маральных, і матэрыяльных сродкаў на падрыхтоўку да паралімпіяды. А цяпер усё ідзе насмарку. У прынцыпе, спартоўцы не павінны адказваць за кіраўнікоў дзяржавы ці яшчэ за нейкія грахі іншых. Спартоўцы рыхтаваліся, яны выступалі, шмат езьдзілі на спаборніцтвы. Былі эмоцыі — як станоўчыя, так і адмоўныя — і сьлёзы, і сьмех, і радасьць. І каб вось так усё скончылася нічым — для нас гэта, канечне, дакладна такі ж удар, як і для расейцаў».

Нават далёкія ад спорту людзі бурна абмяркоўвалі рэзанансную заяву старшыні паралімпійскага камітэту Беларусі Алега Шэпеля. Ён запэўніў, што ня будзе маўчаць наконт самаўпраўства ў адносінах да братоў-расейцаў і ў знак салідарнасьці пройдзе на цырымоніі адкрыцьця з расейскім трыкалёрам у руках. Праўда, пазьней гэтыя пляны крыху адкарэктаваў, сказаўшы, што будзе трымаць сьцяг Расеі на трыбуне:

«Тая дэлегацыя, якая афіцыйна выйдзе на стадыён „Маракана“, будзе несьці толькі беларускі сьцяг. І ніякага іншага. А што тычыцца афіцыйнай дэлегацыі, то я ўпэўнены, што ня толькі беларускі. Я ня бачу падстаў, калі мы кажам, што ў нас дэмакратыя, што апроч беларускага я магу ўзяць і расейскі сьцяг на афіцыйнай трыбуне. У мяне вельмі добрыя стасункі з прэзыдэнтам Паралімпійскага камітэту Расеі Ўладзімірам Лукіным, я яго абавязаны падтрымаць. І ня толькі я. А што тычыцца спартоўцаў, то яны павінны займацца спортам. Калі мы не аддзелім спорт ад палітыкі, у тым ліку і паралімпійскі рух, гэта ня вельмі добра скончыцца», — сказаў Алег Шэпель Свабодзе.

А ці падзяляюць прарасейскія настроі свайго кіраўніка ў паралімпійскай камандзе? Марына Грыгаран кажа, што аўтарытэт Алега Шэпеля настолькі бясспрэчны, што ставіць пад сумнеў ягоныя заявы не выпадае:

Па вялікім рахунку, мы ніколі не аддзяляліся ад Расеі і заўсёды на дарожках — і бегавых, і плавальных, і фэхтавальных — былі дружныя

«Алег Аляксандравіч у нас вельмі мудры кіраўнік. І калі ён прыняў такое рашэньне, значыць, на тое ёсьць важкія падставы. Па вялікім рахунку, мы ніколі не аддзяляліся ад Расеі і заўсёды на дарожках — і бегавых, і плавальных, і фэхтавальных — былі дружныя, заўсёды адзін аднаму дапамагалі, заставаліся адной сямʼёй. Таму асабіста я ніякай дзіўнай ці незразумелай падаплёкі ў ягоных словах ня бачу».

Ці не пагражаюць такія праявы салідарнасьці санкцыямі супраць самой Беларусі? Бо публічная падтрымка Расеі ставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць міжнародных структураў, якія абвясьцілі вайну допінгу, і гэта можна расцаніць як цалкам палітычны жэст:

«Мы можам толькі меркаваць, але я думаю, што да такога ня дойдзе. Не сумняюся, што асноўная частка каманды гэтую пазыцыю падзяляе. Вядома, не магу адказваць за ўвесь калектыў, але большая частка людзей яго падтрымлівае. Адзінае — гэта так нечакана адбылося, што мы пакуль не пасьпелі ўсё ўзважана абмеркаваць...»

Што ўяўляе сабой паралімпійская зборная Беларусі, кіраўніцтва якой пасьпела аскандаліцца яшчэ да адʼезду ў Рыё? Як удакладніла Марына Грыгаран, агулам атрымана 20 ліцэнзіяў, адпаведна, Беларусь на паралімпіядзе будуць прадстаўляць два дзясяткі спартоўцаў. Яны прадэманструюць свае сілы ў пяці намінацыях — плаваньне, фэхтаваньне на вазках, дзюдо, веславаньне акадэмічнае адаптыўнае і лёгкая атлетыка:

«У кожным відзе адбор быў вельмі жорсткі, вельмі скрупулёзны, — удакладняе адмыслоўка. — Цягнуўся ён у кагосьці два гады, у кагосьці паўтара, у кагосьці год. Кандыдатаў было вельмі шмат, таму давялося нашым спартоўцам прайсьці праз пэўнае сіта. Тым ня меней на галоўныя старты мы адабраліся. Цяпер засталося галоўнае — годна выступіць на паралімпійскіх гульнях».

Людміла Ваўчок

Колькаснае прадстаўніцтва ў Рыё-дэ-Жанэйра сёлета значна меншае, чым на папярэдніх паралімпіядах, якія збольшага складаліся для беларусаў удала. З чым гэта зьвязана — тлумачыць Марына Грыгаран:

«Сапраўды, атрымалася крыху меней, таму што пасьля мінулых летніх паралімпійскіх гульняў адбылася зьмена пакаленьняў. Напрыклад, у такім відзе, як веласпорт, мы яшчэ не пасьпелі падрыхтаваць годную замену тым спартоўцам, якія ў нас былі. Зноў жа, цяпер адбываецца зьмена пакаленьняў у лёгкай атлетыцы, тое самае тычыцца фэхтаваньня. На жаль, памёр трэнэр па паўэрліфтынгу, у яго таксама былі добрыя спартоўцы, якія прысутнічалі на мінулых гульнях. Усё гэта і стала падставай для таго, што мела месца скарачэньне колькасьці ліцэнзіяў».

Як і ў асноўнай алімпійскай зборнай, назіраецца тэндэнцыя на агульнае сталеньне каманды. У прыватнасьці, у Бразылію выпраўляюцца вэтэраны, якія ня першы чатырохгадовы цыкль абараняюць гонар Беларусі — Людміла Ваўчок (акадэмічнае веславаньне), Тамара Сівакова (кіданьне дыска, штурханьне ядра), Уладзімер Ізотаў (плаваньне), Натальля Шавель (плаваньне) ды іншыя. Як кажа Марына Грыгаран, усе яны ў добрай кандыцыі і адназначна не дадуць расслабляцца супернікам:

«Тэндэнцыя на павелічэньне ўзросту ёсьць, але ў любым выпадку паралімпійскі спорт прынцыпова адрозьніваецца ад алімпійскага. У інваспорт часьцяком людзі прыходзяць нашмат пазьней, чым у алімпійскі, адпаведна, даўжэй там затрымліваюцца. Вядома, мы спадзяёмся на ўдалы выступ нашых спартоўцаў — дай бог і ім, і нам удачы і шанцаваньня, каб усё атрымалася. А самае галоўнае — здароўя, таму што ў паралімпійцаў усё ж вельмі шмат залежыць ад агульнага фізычнага стану ў дадзеным месцы, у дадзены час, у дадзены момант. А што да жаданьня выступіць годна, яно ў нас заўсёды было, ёсьць і будзе».

Ігар Бокі на паралімпіядзе ў Лёндане, 2012 год

Найперш спадзяваньне на тое, што свой спартовы подзьвіг паўторыць плывец Ігар Бокі, які чатыры гаду таму на паралімпійскіх гульнях у Лёндане выйграў пяць залатых і адзін срэбны мэдаль — усе ўзнагароды вышэйшай вартасьці, пакладзеныя ў скарбонку беларусаў. Але прыемных сюрпрызаў чакаюць і ад іншых удзельнікаў гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра.

Галоўны трэнэр нацыянальнай каманды па інваспорце Марына Грыгаран спадзяецца, што ня будзе праблемаў з акліматызацыяй, ад якой шмат залежыць фізычны стан атлетаў — у Рыё беларуская дэлегацыя адлятае за тыдзень да пачатку турніру, 31 жніўня. Гэтага павінна хапіць, каб пасьпець прыстасавацца да новых умоваў.