«Ішоў па вуліцы і падумаў: «Госпадзе, я ўсё ж у Савецкім саюзе» — Томас Вянцлава ў Менску

Сусьветна вядомы літоўскі паэт, пісьменьнік, публіцыст і праваабаронца Томас Вянцлава прыехаў у Беларусь прэзэнтаваць кнігу сваіх твораў у перакладах на расейскую мову. Пераклады і ўласна выданьне кнігі пад назвай Metelinga зьдзейсьніла расейская паэтэса Ганна (Умка) Герасімава. Прэзэнтацыя ў форме расейска-літоўскага дыялёгу, успамінаў, развагаў і жартаў адбылася ў менскай кнігарні «Сон Гогаля» 1 сакавіка.

Зь дзьвюхгадзіннага чытаньня вершаў на абедзьвюх мовах, жартаў, успамінаў і трапных характарыстык сучасьнікаў Радыё Свабода выбрала некалькі прыкметных цытатаў ад самага вядомага літоўца.

Сёньня ранкам ішоў па вуліцы і падумаў: «Госпадзе, і я ўсё ж у Савецкім саюзе». Ёсьць гэтае адчуваньне, і, на жаль, нікуды не сыходзіць. Спадзяюся, што яно зьнікне, але трошкі ўзмацнілася ў параўнаньні з тым, што было 15 год таму.

Нацыяналізм — гэта рэч небясьпечная. Я супраць яго. Лічу, што касмапалітызм і глябалізм — і ёсьць сапраўдны нацыяналізм, бо гэта тое, што нясе дабро кожнай нацыі.

У мяне ў рамцы на ганаровым месцы вісіць ліст: «За вашы дзеяньні, ня годныя савецкага грамадзяніна, вы пазбаўляецеся савецкага грамадзянства. Пашпарт ваш сканфіскаваны і ня будзе вам вернуты». Я быў такім дзявятым. Лічылася, што гэта самае страшнае пакараньне, якое можа быць у Савецкім Саюзе. Горш, чым «вышка», чым расстрэл. Першым гэта прымянілі да Льва Давыдавіча Троцкага, якога яшчэ і забілі на ўсялякі выпадак. Другая была Сьвятлана Алілуева. Чацьвёрты — Салжаніцын. Мы, дысыдэнты, сталі жартам параўноўваць гэта з касманаўтамі... Я трапіў у першую дзясятку «касманаўтаў» і гэтым ганаруся... Пасьля ўжо былі Растраповіч (Мсьціслаў Растраповіч, віялянчэліст. — РС), Любімаў (Юры Любімаў, рэжысэр. — РС), Аксёнаў (Васіль Аксёнаў, пісьменьнік. — РС), але мы думалі — гэта ўжо драбяза ўсялякая.

Мне было вельмі важна давесьці і самому сабе, і асабліва людзям, якія засталіся ў Літве, што эміграцыя паэта ня губіць. Уся гісторыя сусьветнай літаратуры гэта даказвае. Не загубіла Міцкевіча, не загубіла Норвіда, Цьвятаеву, Хадасевіча... Брэхта, урэшце. У Літве ёсьць такі міт, што, адарваўшыся ад родных каранёў, роднай мовы, ты гінеш безнадзейна. Я працягваў пісаць і працягваю дагэтуль. Праўда, я вельмі непрадуктыўны паэт і пішу па некалькі вершаў у год.

Літаратура — гэта бясконцы крадзеж кожнага ў кожнага.

Пасьля крушэньня савецкай улады я быў глыбока перакананы, што Расея больш дапякаць сьвету ня будзе. Але яна ўмудрылася ізноў.

Пытаньні «літоўцы і расейцы», «літоўцы і палякі», «літоўцы і габрэі» — для Літвы лёсавызначальныя, асноватворныя. Калі Літва не разьбярэцца ў гэтых стасунках, то яна ніколі ні ў чым не разьбярэцца. А беларусы... Паміж намі не было настолькі рэзкіх супярэчнасьцяў, вялікай варожасьці, таму я пра гэта менш ведаю. Мы добрыя суседзі.

Падчас прэзэнтацыі

[пра магчымую супольную беларуска-літоўскую дзяржаву на прыкладзе ЛітбелССР] ​Літоўскі нацыянальны рух разьвіваўся. І беларускі, хаця і са спазьненьнем. Па-сапраўднаму ён ня змог разьвіцца, бо амаль адразу пачалася Першая сусьветная вайна, 17-ты год... [таму] Беларускі рух быў абезгалоўлены і ня змог так пасьпяхова арганізавацца, як літоўскі, што дагэтуль адбіваецца на лёсе абедзьвюх дзяржаваў.

Але тады былі нават блізкія сямейныя сувязі. Цётка (Алаіза Пашкевіч. — РС) была жонкай кіраўніка літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Кайрыса. Вядомая пісьменьніца Марыя Іванаўскайце была жонкай Ластоўскага (Вацлава Ластоўскага. — РС), знакамітага беларускага навукоўца. І нават пры савецкай уладзе яна была падпісаная Ластаўскене, хоць ягонае прозьвішча было забароненае. Гэтыя рухі былі вельмі блізкія. Як нейкі беларус сказаў — сплеценыя, як пальцы: дзе б ні сек, усё адно дойдзе да крыві.

Я разумею літоўцаў, іх усё ж у чатыры разы менш. Калі б была агульная дзяржава, яны былі б меншасьцю з усімі наступствамі. Таму адбылося аддзяленьне. Сымпатыя да Беларусі ў нас заўжды была і ёсьць. Беларусы цяпер лічаць усіх Гедымінавічаў сваімі. Вітаўт — вялікі беларускі дзяржаўны дзяяч. Кейстут — гэта ўвогуле Канстанцін... Мы на гэта трохі крыўдуем. Зь іншага боку, мы кажам «Ліда, Наваградак, Мір, Нясьвіж — гэта ж нашы замкі. Як жа гэтыя беларусы ўсё могуць забіраць!» Такія нестыкоўкі, напэўна, заўжды будуць, але нічога асабліва страшнага я ня бачу.

У нас шмат ёсьць супольнага, але супольная дзяржава, я лічу, гэта трошкі занадта. Мы можам існаваць як дзьве асобныя дзяржавы.

У любой краіне бываюць такія моманты, калі сумленьне ўступае ў супярэчнасьць зь любоўю да бацькаўшчыны. І цяпер таксама. Але сумленьне — гэта і ёсьць сапраўдная любоў да бацькаўшчыны. Тая любоў да бацькаўшчыны, якая супярэчыць сумленьню, гэта ня тая любоў, якая нам патрэбная.