За карупцыю затрыманыя кіраўнікі вэртыкалі ў Рагачове і Чашніках

Сьледчы камітэт расьсьледуе крымінальныя справы аб злачынствах карупцыйнай скіраванасьці ў дачыненьні да старшыняў Рагачоўскага і Чашніцкага райвыканкамаў.

Падчас сьледзтва выяўлена, што старшыня Чашніцкага райвыканкаму ад ліпеня 2011 году да траўня 2015-га злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі і даваў указаньні кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацыяў раёну аб перадачы яму і ягонай сям’і таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў, а таксама аказаньні паслугаў бязь іх фактычнай аплаты, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Старшыня Рагачоўскага райвыканкаму, займаючы ў 2010-2013 гадах пасаду першага намесьніка — начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня выканкаму, пры будаўніцтве асабістага дома «даваў указаньні кіраўнікам прадпрыемстваў аб перадачы яму па заніжаных коштах таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў, аб прадстаўленьні паслуг бяз поўнай аплаты».

«На гэты момант службовыя асобы затрыманыя. Іх дзеяньні кваліфікаваныя паводле часткі 3 артыкула 424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі службовай асобай, якая займае адказную пасаду) Крымінальнага кодэксу», — паведаміла прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

Уладзімер Булай, фота газэты «Народнае слова»

На афіцыйным сайце Чашніцкага раённага выканаўчага камітэту 2 верасьня Ўладзімер Булай пазначаны як старшыня райвыканкаму. Кіраўніца спраў райвыканкаму Тацяна Лягоціна паведаміла Радыё Свабода, што сёньня на працы спадара Булая не было, а вось учора ён быў. На канкрэтнае пытаньне, ці ведаюць у райвыканкаме, што старшыня затрыманы, спадарыня Лягоціна наўпрост не адказала, сказала толькі, што на працы ў яе інтэрнэту няма, таму паведамленьне Сьледчага камітэту яна зараз паглядзець ня можа.

У Рагачоўскім райвыканкаме на пытаньні журналістаў наконт лёсу свайго начальніка рэагуюць нэрвова. Адказваюць, што ў бліжэйшыя дні Сяргея Якаўлева ня будзе.

Сяргей Якаўлеў, фота газэты «Свабоднае слова»

Якаўлеў быў затрыманы ў сваім кабінэце 1 верасьня ўвечары. На пасадзе старшыні райвыканкаму ён працуе трэці год. Да гэтага ў рангу першага намесьніка старшыні райвыканкаму тры гады ачольваў у Рагачове раённую ўправу сельскай гаспадаркі й харчаваньня.

Папярэдніка Якаўлева на пасадзе старшыні райвыканкаму Віктара Банчука сьпярша падвысілі — перавялі першым намесьнікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму. Але неўзабаве арыштавалі, разам зь яшчэ адным намесьнікам старшыні аблвыканкаму — Віктарам Трызнам. Абодва былі замяшаныя ў карупцыйных справах, злоўжываньні ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі.