Віцебскія актывісты выйшлі на пікет супраць чарговага штрафу незалежнаму журналісту

Алена Шабуня (зьлева) і іншыя пікетоўцы з плякатам на падтрымку Зьмітра Лупача

Глыбоцкага незалежнага журналіста і кандыдата ў дэпутаты ў Глыбоцкі райсавет Зьмітра Лупача другі раз за месяц аштрафавалі за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Віцебскія калегі і аднадумцы выказалі салідарнасьць з пакараным, зладзіўшы пікет.

Судзьдзя Докшыцкага райсуду Вячаслаў Елісеенка пастанавіў аштрафаваць Зьмітра Лупача на 980 рублёў за стварэньне сюжэту «Найлепшы аграгарадок Беларусі развальваецца», паказанага на тэлеканале «Белсат».

Гэта быў аповед пра аграгарадок Крулеўшчына Докшыцкага раёну, дзе жыхары не задаволеныя сваім жыцьцём – беспрацоўем і неўладкаванасьцю побыту.

Заводзячы адміністрацыйную справу, міліцыя пайшла ўжо выпрабаваным шляхам: апытала людзей, якія фігуруюць у сюжэце, ці сустракаліся яны з журналістам.

Праз гэтыя інтэрвію Зьмітра і прызналі вінаватым у парушэньні другой часткі артыкула 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі»). Прычым сьведак-местачкоўцаў на судзе не было: міліцыянты адразу ж бралі ў іх заявы, што на працэс яны ня прыйдуць.

Гэта ўжо другі штраф, накладзены на спадара Лупача сёлета. Такім чынам, ужо ў 2018 годзе ён аштрафаваны амаль на паўтары тысячы рублёў, і на 3105 рублёў – летась.

Аспрэчыць прысуды не ўдаецца

Якраз сёньня ў абласным судзе Віцебску разглядаліся адразу тры касацыйныя скаргі глыбоцкіх журналістаў. Судзьдзя Ірына Смалякова не задаволіла скаргу Зьмітра Лупача і Тацяны Смоткінай, аштрафаваных Докшыцкім раённым судом 27 сьнежня мінулага году. Сьледам за ёй судзьдзя Сьвятлана Іванова пакінула без задавальненьня скаргу журналіста на прысуд Пастаўскага райсуду ад 9 студзеня.

Выйшаўшы з абласнога суду, сябры і аднадумцы вырашылі падтрымаць Зьмітра Лупача. На Віцебшчыне менавіта ён найбольш пацярпеў за журналісцкую дзейнасьць, лічыць калега-журналістка Алена Шабуня.

«Апроч таго, што Зьміцер мой калега, сябар АГП і прыхільнік стварэньня БХД , ён таксама балятуецца на гэтых выбарах — хоча трапіць у Глыбоцкі райсавет. Я лічу, што пра такіх людзей, якія церпяць уціск праз сваю грамадзянскую адказнасьць і актыўную жыцьцёвую пазыцыю, павінны ведаць усе землякі», — сказала спадарыня Алена, удзельніца пікету, які прайшоў у рамках перадвыбарчай кампаніі каля віцебскай бібліятэкі імя Леніна.